«У сувязі з уведзенымі беларускімі ўладамі абмежаваньнямі для польскіх перавозчыкаў адносна магчымасьці перасячэньня мяжы на беларуска-літоўскім і беларуска-латвійскім памежных пераходах міністар Марыюш Камінскі прыняў рашэньне абмежаваць рух беларускіх грузавых аўтамабіляў на памежным пераходзе Кукурыкі — Казловічы», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні польскага боку.
Адзначаецца, што абмежаваньне не распаўсюджваецца на пасажырскія перавозкі на памежным пераходзе ў Тарэспалі.
Прыпыненьне руху будзе прымяняцца з 21 лютага 2023 году, з 19:00, пакуль беларускія ўлады ня здымуць абмежаваньні для польскіх перавозчыкаў.
Пры гэтым беларускія перавозчыкі могуць заяжджаць у Беларусь празь Літву і Латвію.
Высылка польскіх дыпляматаў
Раней 20 лютага стала вядома, што ўлады Беларусі высылаюць польскіх дыпляматаў з Горадні і Менску. Гаворка ідзе пра афіцэра сувязі польскай памежнай службы і двух консулаў.
Гэта пацьвердзіў у камэнтары Onet.pl прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
«Да вечара серады Менск пакіне афіцэр сувязі Памежнай службы Польшчы. Верагодна, будуць высланыя і два польскія консулы з Горадні», — сказаў Ясіна.
Што папярэднічала
9 лютага кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі праінфармаваў аб прыпыненьні памежнага руху на пераходзе ў Баброўніках.
«У сувязі з важнымі інтарэсамі дзяржаўнай бясьпекі я прыняў рашэньне прыпыніць рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках з 10 лютага г.г. з 12:00 да далейшага паведамленьня», — паведаміў міністар у сацыяльных сетках.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пазьней паведаміў, што польскае памежнае ведамства праінфармавала яго аб тым, што з 10 лютага з 12:00 польскі пункт пропуску Баброўнікі афіцыйна прыпыняе афармленьне транспартных сродкаў і асоб, якія ідуць празь дзяржаўную мяжу, на нявызначаны час.
«Просім улічваць гэтую інфармацыю пры плянаваньні паездак у Польшчу. Для руху грузавога транспарту ў Польшчу застаецца адзіны пункт пропуску Кукурыкі (зь беларускага боку Казловічы), а для легкавога — пункт пропуску Тарэспаль (зь беларускага боку Берасьце)», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.
На легкавіку ў Польшчу можна будзе ехаць толькі празь Берасьце
Агулам на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. Сёньня зь іх толькі два адкрытыя для легкавікоў, але ад 12 гадзіны 10 лютага застанецца толькі адзін для легкавікоў і адзін для грузавікоў.
- Берасьце (Тарэспаль) — дзейнічае,
- Бераставіца (Баброўнікі) — не працуе з 10 лютага 2023,
- Казловічы (Кукурыкі) — легкавым аўтамабілям праезд забаронены,
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая) — закрыты ў 2021 годзе,
- Пяшчатка (Полаўцы) — не функцыянуе з ініцыятывы польскага боку,
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе з ініцыятывы польскага боку.
Такім чынам, ад 10 лютага для легкавых машын будзе дзейнічаць толькі адзін пункт на мяжы з Польшчай — «Варшаўскі мост — Тарэспаль».
У 2021 годзе Польшча закрыла пераход Брузгі (Кузьніца Беластоцкая), прычына — міграцыйны крызіс, які арганізавалі беларускія ўлады.
Каля Горадні таксама ёсьць памежны пункт зь Літвой: Прывалка — Райгардас. Ён працягвае працу і знаходзіцца блізка ад мяжы з Польшчай.
У Беларусі жывуць сотні тысяч людзей польскага паходжаньня. Польшча апошнія гады была лідэрам па выдачы беларусам шэнгенскіх візаў. Пасьля пачатку масавых рэпрэсій 2020 году Польшча выдала беларусам шмат гуманітарных візаў. У Польшчы афіцыйна жыве больш за 60 тысяч беларускіх грамадзян.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.