Для плятформы Voka стварылі беларускамоўны мультсэрыял

Гераіня мультсэрыялу Марыля

Мультсэрыял стваралі паўгода, і ён пра дзяўчынку зь вялікай фантазіяй.

Пра стварэньне мультсэрыялу заявілі ў інстаграме oblakostudio і Кірыл Шамардзін.

«Наша каманда на працягу 6 месяцаў працавала над стварэньнем дзіцячага мультсэрыялу на беларускай мове для плятформы Vokatv. Намі было створана 4 сэрыі, агульным хранамэтражам каля 21 хвіліны».

Мультсэрыял, зазначаюць яго стваральнікі, апавядае пра неймаверныя прыгоды вясёлай беларускай дзяўчынкі Марылі, у гераіні «вельмі багатая фантазія».

За аснову сюжэту ўзялі беларускую народную казку, сюжэт якой у працэсе перапрацавалі на 90%.

«Вывучана вялізная колькасьць казачнай, гістарычнай і міталягічнай літаратуры Беларусі, каб беражліва інтэрпрэтаваць легенды і ўнесьці ў нашу распрацоўку. Створана каля 300 унікальных фонаў без выкарыстаньня нэўрасетак. Намалявана 1304 сэкунды пакадравай анімацыі. Колькасьць кадраў раскадроўкі адной сэрыі даходзіла да 400», — прывялі лічбы ў студыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар у сеціве: глядзім YouTube

Назва мультсэрыялу — «Марыля. У пошуках дзіўнікаў». Яго можна паглядзець на афіцыйным сайце Voka абсалютна бясплатна пасьля рэгістрацыі на плятформе.

«Невялікая просьба: выбраць у наладах беларускую мову для прагляду», — дадалі ў студыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Netflix расказалі, што трэба зрабіць, каб дадаць беларускія субтытры да фільмаў і сэрыялаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжысэрка Дар’я Жук — пра здымкі ў ЗША і Расеі, цэнзуру і кінаакадэмію, якую заснавалі беларусы