Гэта пацьвердзіў у камэнтары Onet.pl прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
«Да вечара серады Менск пакіне афіцэр сувязі Памежнай службы Польшчы. Верагодна, будуць высланыя і два польскія консулы з Горадні», — сказаў Ясіна.
На пытаньне пра захады ў адказ прадстаўнік польскага МЗС заявіў, што пра іх будзе паведамлена, як толькі яны будуць зробленыя.
«Усе варыянты проста цяпер на стале», — неафіцыйна паведаміла крыніца Onet.pl.
17 лютага МЗС Беларусі выклікала паверанага ў справах Польшчы і запатрабавала скараціць штат генэральнага консульства Польшчы ў Горадні і прывесьці яго да колькаснага парытэту з генконсульствам Беларусі ў Беластоку. Таксама беларускі бок заявіў, што «ня бачыць сэнсу далейшага знаходжаньня на сваёй тэрыторыі афіцэра сувязі Памежнай службы Польшчы».
Як стала вядома Onet.pl неафіцыйна, цяпер ва ўрадзе праходзяць кансультацыі наконт магчымага адказу на рашэньне беларускага рэжыму. Ня выключана, што польскі ўрад таксама прыме рашэньне аб высылцы беларускіх дыпляматаў з тэрыторыі Рэспублікі Польшча.
«Усе варыянты на стале проста цяпер», — паведамілі выданьню неафіцыйна.
У Беларусі жывуць сотні тысяч людзей польскага паходжаньня. Польшча апошнія гады была лідэрам па выдачы беларусам шэнгенскіх візаў. Пасьля пачатку масавых рэпрэсій 2020 году Польшча выдала беларусам шмат гуманітарных візаў. У Польшчы афіцыйна жыве больш за 60 тысяч беларускіх грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абмяжоўвае рух грузавікоў на апошнім дзейным пункце пропуску зь БеларусьсюЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.