Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі правёў праверку ААТ «Лідзкае піва», выявіў парушэньні і аштрафаваў кампанію на 35,8 млн рублёў (€12 млн эўра па курсе Нацбанку на 20 лютага). Кампанія са штрафам не пагадзілася і зьвярнулася зь пярэчаньнем у раённы суд, паведамілі Office Life яе прадстаўнікі.
У ААТ «Лідзкае піва» чакаюць, што судовы разбор працягнецца некалькі месяцаў.
У няпэўнай сытуацыі мацярынская кампанія «Лідзкага піва» фінскі канцэрн Olvi адмяніў ранейшы фінансавы прагноз, складзены на 2023 год і апублікаваны 10 лютага. Пакуль уладальнікі ня будуць публікаваць новы.
Папярэдні прагноз абвяшчаў: «Чакаецца, што скарэктаваны апэрацыйны прыбытак Olvi Group за 2023 фінансавы год зьнізіцца ў параўнаньні зь мінулым годам. Бізнэс-апэрацыі ў Беларусі спалучаны зь нявызначанасьцю, зьвязанай з вайной ва Ўкраіне і, у прыватнасьці, з уплывам абменных курсаў, таму чакаецца зьніжэньне апэрацыйнага прыбытку сэгмэнту. Мяркуецца, што аб’ём продажаў і аб’ём выручкі будуць расьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пляны ўраду на 2023 год маларэалістычныя. Сёлета можна зноў чакаць стагнацыі і нулявога росту эканомікі,— эканаміст КрукЗа 2022 год, паводле статыстыкі, прыведзенай Olvi, бізнэс-актывы кампаніі ў Беларусі абясцэніліся на 35 млн эўра. На 2023 год кампанія бачыла праблему, сярод іншага, у тым, што ўрад Беларусі заканадаўча абмяжоўвае рост цэнаў.
Лічба супрацоўнікаў кампаніі летась вырасла з 832 да 844 чалавек.
Завод у Лідзе існуе з 1876 году. Паводле Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, гэта найстарэйшы бровар на тэрыторыі краіны. Фінскі холдынг Olvi plc валодае «Лідзкім півам» з 2008 году. У свой час фіны прыходзілі на беларускі рынак толькі пры ўмове, што дзяржава саступіць ім большасьць акцый прадпрыемства. Кампаніі належыць 96,36% акцыяў.
Таксама фіны маюць свае актывы ў Эстоніі, Латвіі і Літве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінскія ўладальнікі «Лідзкага піва» за паўгода не знайшлі пакупнікоў на завод. Празь зьмены ў законах Беларусі продаж стаў немагчымымУ сакавіку 2022 году з прычыны дапамогі Лукашэнкі Расеі з ваенным уварваньнем ва Ўкраіну Olvi заявіла, што пачынае згортваць свой бізнэс і шукае пакупніка на актыў у Лідзе. Але спачатку кампаніі не ўдалося знайсьці пакупніка на завод ва ўмовах міжнародных эканамічных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь, а затым урад заканадаўча акрэсьліў сьпіс прадпрыемстваў, якія належаць замежным уладальнікам і якім забаронена іх прадаваць.
«Лідзкае піва» пры кіраваньні фінаў стала пазнавальным прадуктам далёка за межамі Беларусі. На яго рабілі агляды замежныя блогеры, якія ацэньваюць якасьць піва.
«Лідзкае піва» ўдзельнічала ў шэрагу грамадзка значных праектаў, у прыватнасьці нацыянальнага кірунку. Кампанія дапамагала праводзіць агульнабеларускую дыктоўку і рэклямавала сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР, праводзіла буйны музычны фэстываль. На завод, на якім, акрамя піва і квасу, рабілі ліманады і іншую прадукцыю, вадзілі экскурсіі з дэгустацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Керамін», Miory Steel, McDonald's. Як беларускія ўлады «махалі рукой інвэстарам»Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.