Паводле КДК бізнэсовец з Полацка і «яго шэсьць памагатых» падазраюцца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, выкананьня абавязкаў падатковага агента па пералічэньні падаткаў, збораў, легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.
Распачатыя тры крымінальныя справы. Накладзены арышт на маёмасьць падазраваных — 68 абʼектаў нерухомасьці плошчай больш за 107 тыс. кв. м агульным коштам ня менш як 92 млн эўра, у тым ліку 24 гандлёвыя цэнтры, катэджы, кватэры, аўтамабілі «люксавага сэгмэнту».
Праведзены ператрусы ў офісных памяшканьнях і па месцы жыхарства падазраваных.
Паводле КДК, «для незаконнай мінімізацыі падаткаў» бізнэсовец зарэгістраваў у Наваполацку і Полацку «падкантрольныя яму ІП і юрыдычныя асобы, якія прымяняюць спэцыяльны рэжым падаткаабкладаньня», а пасьля разьмяркоўваў паміж імі выручку ад здачы маёмасьці ў арэнду. У выніку прадпрымальнік «недаплаціў у бюджэт больш за 420 тыс. рублёў падаткаў».
Акрамя таго, «ім былі выведзеныя з разьліковага рахунку прадпрыемства і абнаяўленыя праз асабісты карт-рахунак грашовыя сродкі ў суме 3,4 млн рублёў». Пры гэтым «ня быў выплачаны падаходны падатак у памеры 320 тыс. рублёў».
Працэсуальныя дзеяньні праводзіліся «з удзелам падатковых органаў Віцебскай вобласьці і пры сілавой падтрымцы АМАП», аднак аб затрыманьні падазраваных не сказана, іх імёны не названыя.
Як стала вядома BPN, размова, хутчэй за ўсё, ідзе пра Уладзімера Захарава — полацкага прадпрымальніка, які мае дачыненьне да ТАА «Гандлёвы дом «Стралец». Гэта адна з найбуйнейшых гандлёвых сетак у Полацку і Наваполацку.
Ад камэнтара BPN Захараў адмовіўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыю Чыжу прысудзілі 3,5 года зьняволеньня15 лютага тэлеканал АНТ выпусьціў сюжэт аб расьсьледаваньні КДК пад назвай «Так справы не робяцца», у якім імя прадпрымальніка таксама не згадваецца, але дэманструюцца відэаролікі са старонкі Захарава ў «Фэйсбуку», а таксама буйныя пляны абʼектаў нерухомасьці і гандлю «Стральца». У сюжэце згадваюцца тыя ж лічбы ўрону і сума ацэнкі маёмасьці, на якую накладзены арышт, што і ў прэс-рэлізе КДК.
Уладзімер Захараў, які, мяркуючы па фатаграфіях, відэароліках і выказваньнях, знаходзіцца за межамі краіны, у адкрытым доступе разьмяшчае ў «Фэйсбуку» сваю пазыцыю адносна высноў сьледчых і іншыя камэнтары па справе.
17 лютага ён выклаў відэазварот наконт апошніх падзей. «З улікам апошніх тэлевізійных казачак павінен выйсьці ў эфір і разьвянчаць некаторыя міты, асабліва плёткі. У нас усё добра, мы працуем у звычайным рэжыме, толькі многія аддалена, у тым ліку і я, вядома ж... 22 лютага ў звычайным рэжыме мы адгрузім краіне паўмільёна [даляраў] падаткаў, гэта значыць, тыя самыя шэсьць мільёнаў па графіку, якія мы плацім кожны год... Мы за абʼектыўнасьць, і ніхто хавацца не зьбіраецца... Усе гатовыя абараняць сябе, арганізацыю і тое, што мы рабілі многія дзесяцігоддзі, за што нам ніколі не было і не будзе сорамна. І мы працягнем на карысьць квітнеючай і моцнай Беларусі», — заявіў Захараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памятаць пра лёс Яжова. Што здараецца, калі краінай кіруюць сілавікі18 лютага бізнесмен публічна запэўніў уладу ў сваёй лаяльнасьці: «Тэма БЧБ (гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг; у шырокім сэнсе апазыцыйнасць рэжыму і пратэстная актыўнасьць. — BPN.) — як крайні аргумэнт у жаданьні (у расейскамоўным арыгінале — „хотелке“) ачарніць мяне. З улікам значнасьці для краіны палітычных падзей апошніх гадоў нядзіўна, што я і мой бізнэс неаднаразова правяраліся і правяраюцца на прадмет таго, ці ёсьць факт: — удзелу мяне ці маіх працаўнікоў у пратэстах; — закліках ад мяне да пратэстаў; — фінансаваньня мной структур і асобных асоб у гэтым кірунку. Такіх фактаў няма і быць не можа. У жывых дыялёгах з прадстаўнікамі спэцслужбаў я асабіста НЕАДНАРАЗОВА ГЭТА АДЗНАЧАЎ І САМ ТЛУМАЧЫЎ, ШТО ГЭТА РАЗУМЕЮ І НІКОЛІ НЕ ДАПУШЧУ» (вялікія літары ў арыгінале).
«Мы неаднаразова і пастаянна даказваем словам і справай, што мы за моцную і квітнеючую Беларусь. Мы не ламаем — мы будуем... Мы адзіная камэрцыйная структура, якой падчас выбараў 2020 года было даверана разьмясьціць у будынку гандлёвага цэнтра, які належыць нам, выбарчы ўчастак. Выбары на ім сумеснымі намаганьнямі з мясцовай уладай прайшлі ўзорна, без найменшых („малейших“) прыкметаў праявы пратэстнасьці і з абʼектыўным вынікам у падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы», — напісаў далей Захараў.
Увесь пост ляяльнасьці, які зьмяшчае таксама абразы на адрас лідэраў дэмакратычных сілаў, мае абʼём больш за 5 тыс. знакаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць Макея як тэст