«Цяпер, нягледзячы на тое, што да вайны ў Беларусі ўсё ж рыхтуюцца, можна спадзявацца, што ў першай палове году Расея не нанясе ўдару зь яе тэрыторыі», — адзначаюць аналітыкі Цэнтру.
Паводле іх, з гэтым згодныя і аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), якія лічаць малаімаверным новы наступ на Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку 2023 году, але дапускаюць, што атака па гэтым напрамку адбудзецца ў канцы году.
Як адзначаюць у Цэнтры супрацьдзеяньня дэзінфармацыі, у прымежных з Украінай раёнах Беларусі ўкраінская выведка пакуль не назірае актыўных перамяшчэньняў расейскіх вайскоўцаў, што можа сьведчыць аб адсутнасьці прыкметаў падрыхтоўкі наступу па гэтым напрамку цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны: наступ зь Беларусі малаімаверны, Расея сканцэнтруецца на ДанбасеЗь іншага боку, адзначаюць аналітыкі, Беларусь зьяўляецца ваенным і эканамічным саюзьнікам Расеі, а магчымасьць Лукашэнкі самастойна прымаць рашэньне «застаецца пад вялікім пытаньнем». Аналітыкі Цэнтру прыводзяць некалькі аргумэнтаў на карысьць таго, што імавернасьць новага наступу з тэрыторыі Беларусі захоўваецца:
- Паводле ацэнак заходніх экспэртаў, у канцы году расейцы спадзяюцца стварыць усе ўмовы новага наступу з тэрыторыі Беларусі. Для гэтага ў верасьні Масква і Менск плянуюць правесьці вялікія вайсковыя вучэньні і завяршыць фазу вясновага прызыву 2023 году, а да восені правесьці адзін або некалькі дадатковых прызываў у запас. Акрамя таго, Крэмль разьлічвае, што да канца году ваенная прамысловасьць пасьпее забясьпечыць большую частку неабходнай для ўварваньня зь Беларусі тэхнікі, узбраеньня і боепрыпасаў.
- Тэрыторыя Беларусі застаецца пляцдармам для расейскага нападу на Кіеў. Ад 6 да 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў, якія дысьлякуюцца ў Беларусі, маюць дакладную структуру кіраваньня і кантролю, неабходныя для нападу на Ўкраіну. Расейскія зьнішчальнікі МіГ-31К, абсталяваныя ракетамі «Кінжал», рэгулярна ўзьлятаюць зь беларускіх аэрадромаў для абстрэлаў украінскай тэрыторыі.
- Беларускае войска ў мірны час налічвае 75 тысяч вайскоўцаў, але ў выпадку пагрозы вайны яго колькасьць можна павялічыць да паўмільёна. Пад назіраньнем расейскіх інструктараў праводзяцца так званыя раптоўныя праверкі баяздольнасьці, у рамках якіх беларускія вайскоўцы зьдзяйсьняюць кідкі да мяжы з Украінай і адпрацоўваюць фарсіраваньне рэк недалёка ад мяжы з Польшчай.
- Беларускія ўлады «нечакана» абмежавалі доступ да прымежнай паласы трох раёнаў Гомельскай вобласьці (Лоеўскага, Брагінскага і Хойніцкага), якія мяжуюць з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцямі Ўкраіны. Менавіта з тэрыторыі гэтых раёнаў у лютым 2022 году пачаўся натуп расейскіх войскаў на Кіеў.
- Крэмль не адмовіўся ад сваіх максымалісцкіх мэтаў у вайне супраць Украіны. Рэальнае ўступленьне Беларусі ў вайну прымусіла б Ўзброеныя сілы Ўкраіны адцягнуць на гэты ўчастак немалыя сілы і сродкі і аблегчыць расейцам сытуацыю на іншых участках фронту.