«Мы стаміліся, але не спыняемся». Дакумэнтальны фільм пра Ціханоўскую. Відэа

Сьвятлана Ціханоўская

Турэцкі журналіст Джан Дзюндар, які жыве ў выгнаньні ў Нямеччыне (у Турэччыне яго асудзілі да 27 гадоў зьняволеньня за артыкул) у дакумэнтальным фільме расказвае гісторыю дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай.

Рэжысэр фільму— Лінда Вірэке (Linda Vierecke), праект зрабіла тэлекампанія Deuche Welle.

На працягу больш за 6 месяцаў турэцкі журналіст Джан Дзюндар езьдзіў за Ціханоўскай, каб расказаць яе гісторыю. Вялікі дакумэнтальны фільм выйшаў адразу на некалькіх мовах: ангельскай, гішпанскай, нямецкай, арабскай, хіндзі і расейскай. Прэм’ера адбылася на канале DW Беларусь:

Сярод іншага, у фільме Сьвятлана Ціханоўская расказала, чаму ў жніўні 2020 года зьехала зь Беларусі. Паводле яе, калі 10 жніўня яна паехала ў ЦВК, каб падаць скаргу, там ёй расказвалі, «якая доля яе чакае ў турме» і што чакае яе дзяцей. Паводле Ціханоўскай, гэтыя людзі «вельмі прафэсійна ціснулі ёй на псыхіку, а яна была адна і разгубілася».

«Яны расказвалі, што мяне падманулі, выкарыстоўвалі, а Маша Калесьнікава — агент. Я сказала, што добра, я паеду да дзяцей. Яны сказалі запісаць відэа», — расказвае Ціханоўская.

У фільме яна таксама кажа, што ня хоча жыць нідзе, акрамя Беларусі і нават не дапускае такой думкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня дай бог апынуцца перад выбарам, перад якім апынулася я». Пасьля ад’езду Ціханоўская апублікавала відэазварот

11 жніўня 2020 году, калі стала вядома, што Ціханоўская знаходзіцца ў Літве, у YouTube зьявіўся яе зварот, у якім яна кажа, што самастойна прыняла рашэньне зьехаць з краіны і дадае «крый божа апынуцца перад такім выбарам, перад якім апынулася я».

Пазьней давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова заявіла парталу TUT.BY, што Ціханоўскую з краіны вывезьлі беларускія ўлады і ў яе не было выбару.