Ціханоўская абмеркавала з канцлерам Шольцам стратэгію абароны незалежнасьці Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская і Оляф Шольц на Мюнхэнскай канфэрэнцыі.

Сьвятлана Ціханоўская з дэлегацыяй Офіса і Аб’яднанага пераходнага кабінэта правяла сустрэчу з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам.

Падчас сустрэчы, як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, бакі абмеркавалі неабходнасьць новай скаардынаванай стратэгіі ў абарону беларускай незалежнасьці.

Таксама адбылася сустрэча з кіраўніком канцылярыі канцлера Вольфгангам Шмітам. Чальцы дэлегацыі і спадар Шміт абмеркавалі будучыню бясьпекі ў рэгіёне і агульную стратэгію ў Міжмор’і, дзе Беларусь — адзін з ключавых элемэнтаў бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ўдзельнічае ў Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы. Яна сустрэлася з канцлерам ФРГ і камісаркай унутраных спраў Эўракамісіі

На сустрэчы таксама гаварылі пра канцэпцыі кааліцыі ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Ціханоўская папрасіла Нямеччыну стаць адным зь лідэраў такой кааліцыі, каб выступіць гарантам пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, вываду расейскіх войскаў, распрацоўкі пляну адбудовы Беларусі.

Таксама гаворка ішла пра неабходнасьць пасьлядоўнага ціску на рэжым з мэтай вызваленьня палітвязьняў і падтрымкі дэмакратычнага руху. Гаварылі пра неабходнасьць жорсткай пасьлядоўнай эўрапейскай стратэгіі, пасьлядоўнай санкцыйнай палітыкі (каб санкцыі білі па рэжыме і яго кашальках, але не па беларусах), каб падтрымлівалася мабільнасьць, магчымасьць людзям перасоўвацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер ФРГ Шольц заклікаў саюзьнікаў «дзейнічаць хутка», перадаючы танкі Ўкраіне

Абмяркоўвалі прапановы выключыць з санкцыйнага сьпісу некалькіх блізкіх да Лукашэнкі чыноўнікаў і алігархаў. Ціханоўская адзначыла, што гэта прывядзе да большай беспакаранасьці. Цяпер Лукашэнка спрабуе праз рэпрэсіі запалохаць беларускае грамадзтва і празь міжнародныя кантакты вярнуць сабе ўяўную легітымнасьць. Такога не павінна быць — і для гэтага неабходная пасьлядоўная пазыцыя ўсіх краінаў Эўразьвязу.

Ціханоўская падзякавала Нямеччыне, што краіна працягвае выдаваць візы і пасьлядоўна не прызнае Лукашэнку, але гэтае адзінства павінна быць на ўзроўні ўсіх краінаў ЭЗ.

  • Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы — адзін з найбуйнейшых штогадовых палітычных форумаў сьвету. У ёй бяруць удзел лідэры краін і палітыкі з усіх кантынэнтаў. Сёлета ў форуме ўдзельнічаюць віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, міністар замежных спраў Кітаю Цінь Ган.
  • Афіцыйныя прадстаўнікі Расеі сёлета не запрошаныя.