Міжнародная сетка журналістаў OCCRP апублікавала расьсьледаваньне пра групу кібэрнаёмнікаў — былых супрацоўнікаў ізраільскіх спэцслужбаў, якія ўмешваюцца ў выбары і займаюцца дэзынфармацыяй па ўсім сьвеце: для гэтага яны нават распрацавалі спэцыяльнае праграмнае забесьпячэньне.
Дасьледавальнікі сьцьвярджаюць, што гэтая сетка займалася кампаніяй у сацсетках на карысьць набліжанага да Лукашэнкі беларускага бізнэсоўца Аляксандра Зінгмана, які ня так даўно фігураваў у скандалах з пажарнай тэхнікай і здабычай золата ў Зымбабвэ, піша zerkalo.io.
У цэнтры расьсьледаваньня OCCRP з удзелам выданьняў The Guardian, Der Spiegel, Haaretz і яшчэ некалькіх СМІ — ізраільская група спэцыялістаў з онлайн-уплыву, якая называе сябе «Каманда Хорхэ»: яны ўмешваюцца ў выбары па ўсім сьвеце, праводзяць кампаніі па дэзынфармацыі з дапамогай ботаў і ўзломваюць акаўнты высокапастаўленых чыноўнікаў у Тэлеграме і Gmail.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка паляцеў у ААЭ і Зымбабвэ, дзе беларускія вярхі маюць свае камэрцыйныя інтарэсы. Нагадваем пра некаторыяКіраўнік групы Тал Ханан, які прадставіўся як Хорхэ, заявіў журналістам, што ягоная каманда правяла 33 кампаніі «прэзыдэнцкага ўзроўню», зь якіх 22 прызнаныя «пасьпяховымі» — у асноўным у Афрыцы, але таксама і ў краінах Эўропы, Лацінскай Амэрыкі, Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Карыбскага басэйну.
Ханан паведаміў, што ўмяшаньне ягонай каманды ў прэзыдэнцкія выбары каштуе каля 15 мільёнаў даляраў.
Паводле адкрытых зьвестак, сам Тал Ханан служыў у ізраільскім спэцназе і быў спэцыялістам па выбуховых рэчывах. Усяго ў камандзе мінімум 100 супрацоўнікаў — туды імкнуцца браць людзей з досьведам працы ў спэцслужбах, у тым ліку ў службе ўнутранай бясьпекі Ізраілю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Золатаздабыча ў Афрыцы праз афшорныя кампаніі. Якія таямніцы беларускіх уладаў хавае «Дасье Пандоры»Адзін з прыкладаў працы AIMS — кампанія на карысьць Аляксандра Зінгмана, бізнэсоўца з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі і ганаровага консула Зымбабвэ ў Беларусі. У сакавіку 2021 году Зінгмана арыштавалі ў Конга па абвінавачаньні ў незаконным абароце зброі, але пазьней вызвалілі.
Раней OCCRP правяла расьсьледаваньне таго, як Зінгман і сын яшчэ аднаго набліжанага Лукашэнкі, Віктара Шэймана, выкарыстоўвалі падстаўныя афшорныя кампаніі, каб схаваць выгадную дамову з золатаздабыўчай кампаніяй з Зымбабвэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дасье Пандоры»: сын кіраўніка справамі прэзыдэнта Беларусі і ганаровы консул Аляксандар Зінгман займаліся здабычай золата ў ЗымбабвэЗа год да гэтага AIMS праводзіла «ўзгодненую і аўтаматызаваную» кампанію ў сацсетках на карысьць Зінгмана. Некаторыя з публікацый былі скіраваныя супраць ягонага канкурэнта, яшчэ аднаго беларускага бізнэсоўца Віталя Фішмана. Праз матэрыялы па справе пра паклёп, якую Фішман выйграў у ЗША, журналісты выявілі 35 ботаў, зьвязаных з «Камандай Хорхэ».
Адвакат Зінгмана заявіў, што ягоны кліент ніколі не працаваў з кампаніямі, якія ўдзельнічаюць у дэзынфармацыі.