Цяпер былая палітзьняволеная Валерыя ўжо ў бясьпецы і пагадзілася расказаць «Вясьне» пра ўражаньні, якія засталіся ў яе пасьля затрыманьня і побыту ў камэры 8-3.
«На „Валадарцы“, куды я трапіла якраз у „Ноч расстраляных паэтаў“, мяне адразу ўразіла, што пры паступленьні супрацоўнікі СІЗА самі гаварылі, што вось гэты і гэты праходзіць па „народным артыкуле“, — кажа Валерыя Чарнаморцава. — Камэра, у якой я правяла тры месяцы да суду, была разьлічаная на восем чалавек, знаходзіцца яна ў будынку старой стайні.
Яна амаль увесь час была поўная. Большасьць „сядзелі“ па палітычных артыкулах. Тыя жанчыны, якіх пераводзілі сюды з Жодзіна ці Гомля, казалі, што тут трохі лягчэй, чым у іншых месцах. Адзіная бяда — спрадвечная нястача сьвежага паветра з прычыны слабога праветрываньня, высокай вільготнасьці, ды яшчэ тытунёвага дыму».
Па словах Валерыі, за кратамі многія хварэлі:
«І я ў тым ліку, бо маю свой букет хваробаў: і тахікардыя, і дыябэт... Але ў добрай кампаніі хвароба пераносіцца лягчэй. Трохі далі ўзяць з сабой пігулак. Ды яшчэ добрая лекарка, таксама па „народным“, у камэры з намі нейкі час была, то дапамагала. Дарэчы, ейны муж таксама сядзеў, у іншым блёку. У камэры ў нас быў таномэтар, і гэта многім дапамагала, бо сярод нас былі жанчыны, якім за шэсьцьдзесят, і яны мелі праблемы зь ціскам...»
Валерыя Чарнаморцава адзначае, што на „Валадарцы“ шмат хто сядзіць пад сьледзтвам цэлымі сем’ямі, пераважна муж і жонка. Звычайна гэта 342 артыкул КК. Хоць былі жанчыны і па «эканамічных» артыкулах, але калі разабраліся, то і там быў відаць палітычны падтэкст.
Валерыя ўспамінае, што больш за ўсё сядзельцаў нэрвавалі пэрыядычныя праверкі.
«Памятаю найбольш брутальны навагодні шмон, у ноч на 30 сьнежня. Мы ведалі пра яго, рыхтаваліся, але не чакалі такога маштабу. З камэры вынесьлі ўсё, раскацілі на калідоры матрацы, перакапалі ўсе кешары, ну і асабовы надгляд. Пасьля такой праверкі яшчэ доўгі час не змаглі разабрацца, дзе што знаходзіцца. Увогуле гэтыя праверкі ладзіліся перад усімі сьвятамі. Аднойчы пазрывалі калядныя зорачкі, выцінанкі, што дасылалі з волі, парвалі іх.
Яшчэ адна непрыемнасьць — ехаць на суд. Мала таго, што падымацца трэба рана, то і ў адстойніку трымаюць па некалькі гадзін у кайданках. Ад гэтага пачалі зьяўляцца панічныя атакі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Джордж Клуні назваў вясноўцаў сапраўднымі героямі». Як «Вясьне» ўручалі прэмію «За справядлівасьць»Марфа «адпускала» ад сябе рэчы, на якія паўплываць не магла
Валерыя Чарнаморцава расказала таксама пра свае сустрэчы зь іншымі зьняволенымі, і ў першую чаргу — пра Марфу (Марыю) Рабкову, зь якой ёй давялося правесьці ў камэры тры месяцы.
«Марыя — гэта проста крэмень. Увесь час вельмі сабраная, усё рабіла па сваім унутраным раскладзе. Кожную раніцу прачыналася крыху раней за асноўны пад’ём, за 5-10 хвілін прыводзіла сябе ў парадак і рабіла для нас кіпень. Калі нешта не залежала ад яе і паўплываць на сытуацыю было немагчыма, яна „адпускала“ гэта ўсё. Яшчэ яна, калі трэба, прасіла сукамэрніц, каб не выказваліся нецэнзурна.
А яшчэ хачу адзначыць, што Марыя вельмі любіць сьвежае паветра і неба, вельмі перажывала, калі ішоў дождж і прагулка адмянялася. Бо калі хто з камэры адмаўляўся ад прагулкі, то на яе нікога не выводзілі».
Валерыя прыгадвае, што толькі двойчы Марфа выходзіла з унутранай раўнавагі: калі даведалася пра затрыманьне мужа Вадзіма Жаромскага і калі атрымала вестку, што затрымалі праваабаронцу Насту Лойку. Дарэчы, як затрымалі Вадзіма, Марфе перадалі адразу некалькі лістоў ад розных людзей, а звычайна толькі ад сястры перадавалі.
«Марыя старалася тым, хто трапляў у камэру ўпершыню, неяк дапамагчы, праявіць клопат, нешта параіць, падзяліцца сваім. Памятаю, першае, што яна зрабіла, убачыўшы мяне, — прапанавала беларускія часопісы. Можа, вось гэтае нераўнадушнае стаўленьне да чужых клопатаў і дапамагае ёй там».
Валерыя расказала, што яны з Марыяй розныя заявы ды рапарты аб дзяжурстве рабілі па-беларуску, і адміністрацыя мусіла з гэтым мірыцца, бо такой колькасьці беларускамоўных зьняволеных раней „Валадарка“ ня ведала.
«Трывогу ва ўсіх нас выклікаў стан здароўя Рабковай. Адзін час сытуацыя палепшылася, і ёй зрабілі УЗІ, аднак на старым недасканалым апараце. А ёй тэрмінова патрэбна сур’ёзнае дасьледаваньне. Мы ўсе бачылі, у якім яна стане».
Яшчэ Чарнаморцава марыла сустрэцца з праваабаронцам і нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім. І аднойчы ёй гэта ўдалося.
«Камэра Алеся знаходзілася каля самага душу, блізка каля жаночага крыла сьледчага ізалятара. Аднойчы на калідоры пабачыла, як калёнай па адной вялі некуды сем зьняволеных жанчын. А першым вялі Бяляцкага».
Перасьлед Валерыі Чарнаморцавай
Арганізатарку вандровак і дасьледчыцу гісторыі беларускіх вязьняў ГУЛАГу Валерыю Чарнаморцаву затрымалі 18 кастрычніка 2022 году ў Менску пасьля ператрусу ў кватэры. Спачатку быў арышт на 10 дзён, пасьля — «Валадарка» і крымінальная справа паводле «народнага» 342 артыкула. Праз тры месяцы суд Савецкага раёну Менску прызначыў Валерыі 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).
Цяпер Валерыя Чарнаморцава адаптуецца на новым месцы. Кажа, што часу «разварушвацца» ў яе няма, трэба хутчэй брацца за справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто падтрымае Бяляцкага, які заклікаў да нацыянальнага прымірэньня? Дыскусія экспэртаў