17 лютага Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Маскву на перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Сустрэча адбываецца за тыдзень да першай гадавіны поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, пры дапамозе беларускіх уладаў.
18 лютага 2022 году, за шэсьць дзён да пачатку вайны, Лукашэнка таксама сустракаўся з Пуціным у Маскве.
На пачатку Пуцін падзякаваў Лукашэнку за тое, што той пагадзіўся прыехаць, на што той адказаў: «Як быццам я мог не пагадзіцца».
Паводле БелТА, Лукашэнка заявіў Пуціну 17 лютага 2023 году, што Беларусь выконвае 100 працэнтаў дамоўленасьцей з Расеяй у сфэры абароны і бясьпекі.
«Усё, аб чым мы дамаўляліся з вамі ў свой час, зусім нядаўна, месяцы тры таму, па абароне і бясьпецы, беларускі бок 100% выканаў па мінулым годзе. І нават больш зрабілі. Я потым вам раскажу, што робіцца ў гэтым пляне»,— сказаў Лукашэнка.
«І, як мне далажылі ва ўрадзе, гатовыя выйсьці на вытворчасьць самалёта Су-25, які сябе добра ва Ўкраіне паказвае — штурмавік, рабочы конік. Гатовыя нават у Беларусі вырабляць пры адпаведнай невялікай тэхналягічнай падтрымцы Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў Лукашэнка.
Пуцін, у сваю чаргу, пазытыўна ацаніў адказы Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі 16 лютага:
«Учора, дарэчы, глядзеў вашу прэс-канфэрэнцыю. Я падзяляю вашыя пазыцыі і падыходы».
Паводле інфармацыі прэсавай службы Лукашэнкі, галоўнай мэтай сустрэчы стане кантроль за выкананьнем урадамі даручэньняў Лукашэнкі і Пуціна ў сфэры імпартазамяшчэньня і па ўсіх кірунках антысанкцыйнага ўзаемадзеяньня.
«Адно з найважнейшых пытаньняў: мы ўсё ж такі хочам паглядзець, як урады Беларусі і Расеі выконваюць пастаўленыя намі задачы, — цытаваў Лукашэнку тэлеграм-канал „Пул первого“. — Перш за ўсё эканамічныя: па энэрганосьбітах, адзіным рынку, імпартазамяшчэньні — як фінансуюцца, як рэалізуюцца. Гэта цэлы комплекс пытаньняў. Таму мы ўсе пытаньні будзем абмяркоўваць. І калі мы выйдзем на пытаньне нашай сумеснай групоўкі ў Беларусі, вядома, будзем і гэта абмяркоўваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сабраў замежных журналістаў, расказаў пра вайну, закрыцьцё памежных пераходаў і сустрэчу з Пуціным ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: уступленьне Беларусі ў вайну будзе для яе велізарнай памылкай