Лукашэнка для Ўкраіны — проста «чалавек з вуліцы», «саўгасны геапалітык», — украінскі палітоляг Магда

Ілюстрацыйнае фота

Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда камэнтуе апошнія выказваньні Лукашэнкі, тлумачыць, як цяпер ва Ўкраіне ставяцца да нелегітымнага кіраўніка Беларусі, і прапануе беларусам менш рэагаваць на заявы розных дарадцаў.

Сьцісла:

  • Лукашэнка апошні год часта агучвае ўвесь масіў крамлёўскай прапаганды.
  • Каб прэтэндаваць на ролю пасярэдніка, неабходна мець хоць нейкую легітымнасьць.
  • Калі ты называеш сябе кіраўніком дзяржавы і так «аблізваеш» іншага кіраўніка дзяржавы — то гэта неяк несалідна.
  • Як можна верыць палітыку, які незадоўга да 24 лютага неаднаразова казаў, што агрэсіі з тэрыторыі Беларусі ня будзе?
  • Калі беларускія дэмакратычныя сілы будуць рэагаваць на выказваньні ўсіх украінскіх дарадцаў, то можна хутка прытаміцца.


— Падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка, бадай, найбольш гаварыў пра міратворчыя намеры беларускага кіраўніцтва, неабходнасьць спыніць ваенныя дзеяньні, пра тое, што Менск можа стаць пляцоўкай для новага мірнага працэсу. Ці сапраўды ён мае надзею зноў стаць у цэнтры міратворчага працэсу, ці проста паўтарае пуцінскія тэзісы?

Украінскі палітоляг Яўген Магда

— Многія зьвярнулі ўвагу на нядаўні візыт у Менск міністра замежных справаў Вугоршчыны. Лукашэнка на гэтым тле заяўляе: «Глядзіце, мы гатовыя сябе прапанаваць у якасьці пасярэдніка, легчы на амбразуру дзеля міру».

Але каб быць пасярэднікам, неабходна мець хоць нейкую легітымнасьць. А Лукашэнка не прызнаны Ўкраінай і большасьцю эўрапейскіх дзяржаваў. Напрыклад, калі б ён хацеў быць пасярэднікам у перамовах паміж Армэніяй і Азэрбайджанам — то меў бы на гэта нейкія шанцы, бо гэтыя краіны прызналі афіцыйныя вынікі выбараў 2020 году.

Але Ўкраіна яго палітычна не прызнае, Лукашэнка для яе проста «чалавек з вуліцы». Гэта такі «саўгасны геапалітык», калі людзі на лаўцы пасьля атрыманьня заробку абмяркоўваюць сусьветныя праблемы. Розьніца ў тым, што Лукашэнка робіць гэта ў прэзыдэнцкім палацы, куды сабралі замежных журналістаў і пры гэтым нешта «ўцюхваюць», каб даказаць уласную значнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сабраў замежных журналістаў, расказаў пра вайну, закрыцьцё памежных пераходаў і сустрэчу з Пуціным

— Лукашэнка паўтарыў тэзіс Пуціна, што, маўляў, ва Ўкраіне ёсьць вайскоўцы, зь якімі варта весьці перамовы аб міры — а не з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Менскі кіраўнік проста паўтарае тэзісы Крамля ці сапраўды спадзяецца на нейкія рознагалосьсі ў кіраўніцтве Ўкраіны?

— Лукашэнка за апошні год проста агучыў увесь масіў расейскай прапаганды і Крамля. Тэзіс пра тое, што ёсьць украінскія вайскоўцы, зь якімі варта весьці перамовы, упершыню агучыў Пуцін празь некалькі дзён пасьля пачатку агрэсіі. Калі расейцы атрымалі грунтоўны адпор, то Пуцін пачаў казаць, што трэба дамаўляцца з вайскоўцамі, а не з «наркаманамі ва ўладзе».

У Лукашэнкі два асноўныя прапагандысцкія мэсыджы. Першы — я супраць вайны, беларусаў накіроўваць на вайну ня буду, буду абараняць Беларусь ад усіх суседзяў. (Цікава, дарэчы, ці ад Расеі таксама?)

Другі мэсыдж — гэта проста адвольны, але без агеньчыка, паўтор тэзісаў расейскай прапаганды. Што Расея ніколі не прайграе, што Расея заўсёды была за мір, што ў Крамлі жыве вялікі Пуцін. Шчыра кажучы, калі ты называеш сябе кіраўніком дзяржавы і так «аблізваеш» іншага кіраўніка дзяржавы — то гэта неяк несалідна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фантазіі Лукашэнкі. Саўдзельнік агрэсіі зноў хоча быць міратворцам

— Гучаў і «чыста беларускі» тэзіс, што Беларусь ніколі не нападзе першай на Ўкраіну, калі «вы на нас не нападаеце». Тут, як заўсёды, Лукашэнку нельга верыць? Ці, можа, якраз у гэтым канкрэтным пытаньні верыць можна — бо ён, відавочна, сам разумее, якія праблемы пацягне за сабой непасрэдны ўдзел беларускіх вайскоўцаў у ваенных дзеяньнях супраць Украіны?

— Для Лукашэнкі ёсьць відавочная пагроза ў выпадку непасрэднага ўдзелу беларускага войска ў ваенных дзеяньнях. Пратэст 2020 году нагадвае агонь на балоце — ён ня бачны, ён сышоў пад торф, але ён ня зьнік. І для Лукашэнкі такія рэчы могуць быць вельмі небясьпечнымі. І я так разумею, што ён сваім чуцьцём «палітычнай жывёліны» гэта разумее.

— Лукашэнка нават запрасіў прэзыдэнта ЗША Байдэна на перамовы ў Менск, што гучала даволі сьмешна. Але пры гэтым ва ўсіх развагах пра вайну прасочваецца ягонае імкненьне сутыкнуць пазыцыі ЗША і Эўропы.

— Лукашэнка неаднаразова даказаў, што ён гаспадар свайго слова: «сам даў, сам назад забраў». Нават калі ўявіць, што ён быў бы легітымным прэзыдэнтам — як можна верыць палітыку, які незадоўга да 24 лютага неаднаразова казаў, што агрэсіі з тэрыторыі Беларусі ня будзе?

І калі гэта ня ўсе разумеюць у кіраўніцтве Ўкраіны, то гэта разумеюць у Эўразьвязе, ЗША і Брытаніі. Усе гэтыя краіны ўваходзяць у адну ваенную структуру, NATO, і за год вайны яны выпрацавалі агульныя падыходы, зыходзячы з канкрэтных дзеяньняў, а ня словаў. Таму яны глядзяць на Лукашэнку як на клоўна — «ну пагавары, чаму б і не».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто падтрымае Бяляцкага, які заклікаў да нацыянальнага прымірэньня? Дыскусія экспэртаў

— Калі ўжо вы самі згадалі, што «гэта ня ўсе разумеюць у кіраўніцтве Ўкраіны», — то як бы вы пракамэнтавалі некаторыя апошнія выказваньні пэўных украінскіх прадстаўнікоў, якія выклікалі вялікае нездавальненьне ў беларускім грамадзтве?

— Я прапаную беларускім калегам вызначыцца з тым узроўнем украінскіх афіцыйных асобаў, на заявы якіх варта рэагаваць. Калі беларускія дэмакратычныя сілы будуць рэагаваць на выказваньні ўсіх украінскіх дарадцаў, то можна хутка прытаміцца.

Успомніце, у жніўні быў проста экстаз на тле таго, што Арастовіч сустрэўся зь Ціханоўскай. Зараз заява Падаляка пра тое, што беларускія дэмакратычныя сілы не дэманструюць дастаткова антываеннай актыўнасьці, выклікала ў беларусаў тугу і маркоту. Але гэта ўсяго толькі «дарадцы». Дачакайцеся заяваў амбасадара, міністра замежных справаў, прэзыдэнта — тых, хто займае афіцыйныя пасады.

Бо такое хістаньне ў дзеяньнях і заявах некаторых дарадцаў не прыводзіць ні да чога добрага, а толькі разбурае нашыя стасункі знутры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У офісе Зяленскага заявілі, што бачаць у Лукашэнку разуменьне разьвіцьця вайны, а ў сустрэчы зь Ціханоўскай не адчуваюць карысьці