Грозеў адыграў вядучую ролю ў шэрагу найбольш гучных расьсьледаваньняў, у тым ліку ў справе аб крушэньні малайзійскага «Боінга» над Данбасам, аб атручваньні Сяргея Скрыпаля і Аляксея Навальнага. Расея абвясьціла журналіста ў вышук.
Вядомы баўгарскі журналіст, дырэктар групы журналістаў-расьсьледавальнікаў Bellingcat Хрыста Грозеў, які нядаўна пакінуў Аўстрыю з прычыны пагроз ягонай бясьпецы, заявіў, што аб пагрозах яго папярэдзілі аўстрыйскія ўлады. Пра гэта піша Financial Times.
Па словах Грозева, менавіта прадстаўнікі ўладаў паведамілі яму, што яго «актыўна шукаюць найманыя Расеяй забойцы з дапамогай мясцовых расейскіх агентаў», і параілі яму не вяртацца з Паўночнай Амэрыкі ў Вену, дзе ён жыў 20 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Bellingcat Хрыста Грозеў пакінуў Вену, у якой пражыў 20 гадоў. Прычына — цікавасьць расейскіх спэцслужбаўГрозеў таксама расказаў, што нейкі былы афіцэр аўстрыйскіх спэцслужбаў, дзейнічаючы па заданьні расейскай выведкі, атрымаў доступ да ягоных пэрсанальных зьвестак.
Грозеў — адзін з аўтараў расьследаваньняў аб крушэньні ў 2014 годзе малайзійскага «Боінга» над Данбасам і аб атручваньні Сяргея Скрыпаля і Аляксея Навальнага. У канцы сьнежня мінулага году Грозеў быў абвешчаны ў вышук МУС Расеі — незразумела, у чым менавіта яго абвінавачваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абвясьціла ў вышук кіраўніка агенцтва расьсьледаваньняў BellingcatПра тое, што пакінуў Аўстрыю, Грозеў паведаміў 2 лютага. У той жа дзень стала вядома, што ўлады Аўстрыі абвясьцілі чатырох расейскіх дыпляматаў пэрсонамі нон грата. Па інфармацыі газэты Kurier, расейскіх дыпляматаў падазраюць у шпіянажы.
Пасьля сьмерці міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея Грозеў заявіў, што ў Bellingcat ёсьць падставы меркаваць, што сьмерць магла быць ненатуральнай, невыпадковай. І паабяцаў правесьці расьсьледаваньне. Пакуль пра яго вынікі ніхто не паведамляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група Bellingcat правядзе расьсьледаваньне сьмерці Ўладзімера Макея