Распрацоўнік мабільных гульняў Playgendary закрывае сваю кампанію ў Беларусі — ТАА «Плэйджэндары Дэвелапмент». Інфармацыя пра ліквідацыю юрыдычнай асобы зьявілася на сайце адзінага дзяржрэгістру, а рашэньне было ўхваленае 5 лютага ўласьнікам, паведамляе сайт Dev.by.
Улетку 2022 году ў кампаніі прайшла хваля звальненьняў. Паводле былых супрацоўнікаў, кіраўніцтва, баючыся магчымых праблем зь пераводам грошай з-за мяжы на заробкі, прапанавала супрацоўнікам звольніцца з штату ў Менску і падпісаць дамову з кіпрскім офісам. Колькасьць тых, хто звольніўся такім чынам, — ад 150 да 200 чалавек.
Штаб-кватэра Playgendary — на Кіпры. У 2021 годзе кампанія ўвайшла ў топ-3 самых папулярных мабільных распрацоўнікаў зь беларускімі каранямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: EPAM Systems упершыню стаў найбуйнейшым падаткаплатнікам у ІТ-галіне ЛітвыГаліна ІТ у Беларусі скарачаецца
Dev.by паведамляе, што звыш 20 тысяч IT-спэцыялістаў выехалі зь Беларусі за апошнія два гады. Хваляў ІТ-эміграцыі было дзьве: пасьля жніўня 2020 году і пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022-га.
Згодна з падлікамі Dev.by, з восені 2020 году Беларусь маглі пакінуць ад 16 да 23 тысяч айцішнікаў.
Апошнія месяцы пра масавую рэлякацыю супрацоўнікаў гавораць крыніцы ў буйных беларускіх ІТ-офісах: Wargaming (у сувязі з поўным закрыцьцём кампаніі ў Беларусі), EPAM, Exadel, iTechArt, Itransition, Playtika ды іншыя. На адток спэцыялістаў з ІТ-сэктару Беларусі паказвае статыстыка найманьняў і звальненьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь менскага ПВТ сышоў апошні «аднарог» — амэрыканская кампанія з ацэнкай больш як $1 млрд