Кіраўнік МЗС Ізраілю ўпершыню падчас вайны наведвае Кіеў, каб «падтрымаць Украіну ў цяжкую хвіліну»

«Мы тут з важным візытам у знак салідарнасьці з украінскім народам, які, безумоўна, перажыў вельмі цяжкі час у мінулым годзе», — сказаў Элі Коэн ва Ўкраіне.

Як паведамляе агенцтва Associated Press, міністар замежных спраў Ізраілю Элі Коэн прыбыў у Кіеў у чацьвер, што стала першым публічным візытам у сталіцу Украіны высокапастаўленага ізраільскага чыноўніка пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў мінулым годзе.

Сам Элі Коэн прыбыў 16 лютага. Ён так паведаміў пра мэты візыту ў сваім Twitter:

«Я сустрэнуся з прэзыдэнтам Зяленскім і міністрам замежных спраў Кулебам, адкрыю амбасаду Ізраілю ў Кіеве, якая вернецца да пастаяннай і паўнавартаснай дзейнасьці. Наведаю Бучу і Бабін Яр. Я прыйшоў сказаць: Ізраіль падтрымлівае Ўкраіну і ўкраінскі народ у цяжкую хвіліну», — напісаў Коэн.

Візыт Элі Коэна адбываецца якраз напярэдадні першай гадавіны расейскага ўварваньня, калі заходнія краіны імкнуцца павялічыць дапамогу Ўкраіне.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Ізраіль вагаўся паміж дапамогай Украіне і пазьбяганьнем канфліктаў з Расеяй, зь якой у яго стратэгічныя рэгіянальныя інтарэсы. У адрозьненьне ад іншых заходніх краін, Ізраіль ня ўводзіў санкцый супраць Расеі ці расейскіх афіцыйных асобаў, не дзяліўся выведнай інфармацыяй і не пастаўляў Украіне зброю. Ён аказваў Украіне гуманітарную падтрымку, у тым ліку прыслаў палявы шпіталь.

У рамках кароткай паездкі Коэн мае сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, а таксама з высокапастаўленымі чыноўнікамі Ўкраіны і лідэрамі габрэйскай грамады.

Было незразумела, ці абвесьціць Коэн пра большую дапамогу Ўкраіне падчас свайго візыту, ці гэты візыт азначае большы ўдзел Ізраілю ў будучыні.

«Мы тут з важным візытам у знак салідарнасьці з украінскім народам, які, безумоўна, перажыў вельмі цяжкі час у мінулым годзе», — сказаў Коэн падчас наведваньня мэмарыялу на брацкай магіле ў Бучы, недалёка ад Кіева. Ён сказаў, што Ізраіль падтрымліваў Украіну, аказваў гуманітарную дапамогу і будзе працягваць гэта рабіць.

Раней у гэтым годзе Коэн заявіў, што ўрад прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу «абавязкова зробіць адно: публічна мы будзем менш гаварыць» пра ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, але будзе працягваць аказваць Украіне гуманітарную дапамогу. Неўзабаве пасьля ўступленьня на пасаду ён размаўляў зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.

Ізраіль падтрымлівае добрыя працоўныя адносіны з абедзьвюма краінамі, якія ваююць між сабой, і мае вялікую колькасьць расійскіх і ўкраінскіх імігрантаў. Ізраіль таксама разьлічвае на каардынацыю бясьпекі з Расеяй у суседняй Сырыі, дзе за апошняе дзесяцігодзьдзе ён нанёс сотні авіяўдараў па іранскіх вайсковых пазыцыях.

У той час як іншыя заходнія краіны нарошчваюць дапамогу Ўкраіне, узмацняецца ціск на Ізраіль, у тым ліку з боку ЗША, каб ён падзяліўся з Украінай некаторымі з сваіх сучасных вайсковых сродкаў.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў пасьля сустрэчы з Нэтаньягу ў Ерусаліме ў мінулым месяцы, што ён падкрэсьліў «важнасьць забесьпячэньня падтрымкі ўсіх патрэб Украіны — гуманітарных, эканамічных і бясьпекі».

У мінулым годзе былы прэмʼер-міністар Ізраілю Нафталі Бэнэт паспрабаваў ненадоўга пасярэднічаць паміж бакамі, прыляцеўшы ў Маскву неўзабаве пасьля ўварваньня Расеі і сустрэўшыся з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Раней у гэтым месяцы ў інтэрвію Бэнэт сказаў, што Пуцін запэўніў яго ў тым, што Расея не забʼе Зяленскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэм’ер Ізраіля заявіў, што прасіў Пуціна не забіваць Зяленскага

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.