Усьлед за Сэрбіяй канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» адмянілі і ў Чарнагорыі

Лідэр гурту «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок на Майдане ў Кіеве, 7 сьнежня 2013 году

У Будве, курортным горадзе на ўзьбярэжжы Чарнагорыі, 14 лютага адмянілі канцэрт «Ляпіса Трубяцкога».

За некалькі гадзін да выступу перад клюбам сабраўся натоўп людзей, каб выказаць сваю незадаволенасьць і перашкодзіць выступу гурту, паведамляе мясцовае выданьне CDM. На запісах, апублікаваных CdM, можна пачуць, як людзі, якія сабраліся ля клюбу ў знак пратэсту, скандуюць: «Сэрбы і расейцы браты навекі».

Ні клюб, ні прадстаўнікі «Ляпіса Трубяцкога» адмену канцэрту не камэнтавалі, але на інцыдэнт перад канцэртам адрэагавалі ў амбасадзе Ўкраіны ў Чарнагорыі. Там заявілі, што гэта можа быць вытлумачана як «прамая пагроза ўкраінскім гасьцям Будвы», і заклікалі ўлады Чарнагорыі «тэрмінова адрэагаваць на гэты інцыдэнт».

«Любы ціск на ўладальнікаў клюбу, дзе павінен быў адбыцца выступ, і ўкраінскіх гасьцей, а таксама публічная праява агрэсіі і распальваньня нянавісьці абсалютна недапушчальныя і павінны быць катэгарычна асуджаныя», — гаворыцца ў паведамленьні амбасады Ўкраіны.

Раней канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» адмянілі ў сталіцы Сэрбіі. Паводле арганізатараў, гэта адбылося з прычыны дрэннага самаадчуваньня Сяргея Міхалка, аднак у СМІ прагучала і іншая вэрсія — незадаволенасьць мерапрыемствам выказвалі ў сэрбскім нацыяналістычным руху.

«Фронтмэн гэтай групы Сяргей Міхалок вядомы як вораг Расеі і прыхільнік кіеўскага майдану. Ён вядомы тым, што напісаў песьню „Воіны сьвятла“, якая стала практычна гімнам дзяржаўнага перавароту ва Ўкраіне ў 2014 годзе», — гаварылася ў паведамленьні руху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 эпізодаў: ад «Ляписа» да «Brutto»