Сьцісла:
- Беларускі раскол больш глыбокі, ён моцна адрозьніваецца ад канфліктаў і супярэчнасьцяў падобнага кшталту ў іншых краінах.
- Сёньня ідэя прымірэньня фактычна не прымаецца на абодвух флянгах канфлікту.
- Больш рэалістычна выглядаюць пэрспэктывы дыялёгу афіцыйнага Менску з Захадам, а не зь беларускай апазыцыяй.
- Цяпер, калі пратэсты здушаныя, незразумела, што можа прымусіць рэжым ладзіць дыялёг зь пераможаным ворагам.
На тле канфрантацыі і ўсё больш маштабных палітычных рэпрэсій Алесь Бяляцкі з-за кратаў заклікаў да грамадзянскага міру замест «халоднай» грамадзянскай вайны, да пошуку «кансэнсусу, раўнавагі ў грамадзтве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадзтва». «Трэба пачаць шырокі грамадзкі дыялёг, накіраваны на нацыянальнае прымірэньне, як бы цяжка ні здавалася камусьці пайсьці на гэта», — заявіў нобэлеўскі ляўрэат.
Гэтая тэма сёньня яўна ня модная: яна ня ў трэндзе, пра яе амаль ніхто не гаворыць. Толькі статус Бяляцкага як ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру надае гэтаму самотнаму голасу дадатковай вагі.
Што да зьместу гэтага закліку. Бяляцкі, гаворачы пра раскол, кажа, што «нічога дзіўнага, адметнага і ўнікальнага ў гэтым няма». Дазволю сабе не пагадзіцца з такой высновай. На мой погляд, беларускі раскол больш глыбокі, чым у іншых, ён моцна адрозьніваецца ад канфліктаў і супярэчнасьцяў падобнага кшталту ў іншых краінах. Нават калі канфлікты там бываюць і вострыя, яны носяць чыста палітычны характар. У Беларусі раскол набыў каштоўнасны, фундамэнтальна сьветапоглядны характар. Бо тут няма адзінства наконт праекту беларускай дзяржаўнасьці, ён дасюль застаецца прадметам спрэчак. Няма згоды пра геапалітычную арыентацыю, сацыяльна-палітычную мадэль і іншыя прынцыповыя пытаньні, якія іншыя народы (прынамсі нашага рэгіёну) даўно вырашылі, дасягнулі кансэнсусу і пайшлі далей. Адметнасьць і ўнікальнасьць у тым, што беларуская ўлада павяла вайну супраць большасьці грамадзтва. Таму беларускі раскол асаблівы, у гэтым яго і драма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы «Вясны» выступілі з апошнім словам у судзе: «Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!» Прысуд чакаецца 3 сакавікаНагадаю, што ў 2020 годзе праціўнікі Лукашэнкі ўсяляк заклікалі да перамоваў пра мірнае вырашэньне канфлікту. Гэтая задача была, па сутнасьці, адзінай функцыяй Каардынацыйнай рады, якая была створана ў жніўні таго году. Ідэя вырашэньня канфлікту бяз гвалту прэзэнтавалася да самага канца 2020 году, пакуль цягнуліся пратэсты. Лукашэнка, зразумела, катэгарычна адрынуў прапановы наконт дыялёгу (калі не лічыць «перамовы» ў турме), зрабіў стаўку на сілу і гвалт.
Цяпер сытуацыя моцна памянялася. На гэты момант ідэя прымірэньня фактычна не прымаецца на абодвух флянгах канфлікту. І ў асяродзьдзі апазыцыі дамінуюць радыкальныя настроі, усё часьцей ідзе размова пра сілавы варыянт. Ідэя кампрамісу з рэжымам бачыцца амаль што здрадай. Таму невыпадкова менавіта цяпер была рэанімаваная фігура Зянона Пазьняка, які ўвасабляе вобраз непрымірымага і бескампраміснага змагара.
Ну, а ўлада тым часам нарошчвае рэпрэсіі. І нават ідэя літасьці да праціўнікаў, якая вылілася ў кампанію вяртаньня «зьбеглых», рэалізуецца ў форме капітуляцыі і пакаяньня апанэнтаў рэжыму.
На гэтым тле заклік Бяляцкага выглядае як голас у пустэльні. Статус палітзьняволенага, якому пагражае 12 гадоў калёніі, не дадае ягонаму звароту дадатковай вартасьці. Хутчэй выглядае як просьба аб літасьці.
Алесь Бяляцкі кажа, што «перадумовай такога дыялёгу павінна быць вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных, правядзеньне шырокамаштабнай амністыі, спыненьне рэпрэсій». Але рэжым ня хоча размаўляць на гэтую тэму нават без усялякіх умоваў. А ўжо калі папярэдне трэба выканаць фактычна непрымальныя для яго ўмовы, то тут шанцаў на рэалізацыю ідэі ўвогуле няма.
Больш рэалістычна выглядаюць пэрспэктывы дыялёгу афіцыйнага Менску з Захадам, а не зь беларускай апазыцыяй. Цяпер, калі пратэсты здушаныя, незразумела, што можа прымусіць рэжым ладзіць дыялёг зь пераможаным ворагам.
У 2020 годзе, калі на вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей, усё хісталася, Лукашэнка нават у такіх абставінах катэгарычна адмаўляўся ад любога кампрамісу і дыялёгу. А ўжо цяпер у яго няма ніякага стымулу гэта рабіць.
«Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць», — заявіў Бяляцкі ў апошнім слове. Можна сказаць, што яго пачулі. Аднак абставіны выявіліся неспрыяльнымі для ажыцьцяўленьня ідэі. Зрэшты, кропля камень точыць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.