У Менску пракамэнтавалі закрыцьцё аднаго з двух чыгуначных пераходаў на мяжы зь Літвой

Беларускія цягнікі. Ілюстрацыйнае фота

У Літве з 16 лютага закрылі адзін з двух чыгуначных памежных пераходаў, Стасілас – Беняконі, для грузавых цягнікоў зь Беларусі. Цяпер іх рух будзе магчымы толькі праз пункт пропуску «Кяна».

Мінтранс Беларусі пацьвердзіў гэтую інфармацыю і выклаў сваю пазыцыю з гэтай нагоды:

«АТ „Літоўскія чыгункі“ ў адпаведнасьці з рашэньнем дзяржаўных органаў Літвы ў рамках нарматыўных дакумэнтаў Рады па чыгуначным транспарце дзяржаў — удзельніц Садружнасьці ўводзіць канвэнцыйную забарону на чыгуначныя перавозкі з 16 лютага да адмены ўсіх грузаў, парожніх вагонаў усіх форм уласнасьці з усіх станцый СНД, Балтыі, Грузіі прызначэньнем на ўсе станцыі Літоўскіх чыгунак у адрас усіх грузаатрымальнікаў, а таксама тых, што сьледуюць транзытам па тэрыторыі Літвы праз чыгуначны памежны пераход „Беняконі — Стасілас“», — паведамілі ў прэс-службе Мінтранса Беларусі.

Пры гэтым у Мінтрансе Беларусі заявілі, што гэтае рашэньне нібыта не паўплывае на тэхналягічную работу БЧ на беларуска-літоўскай мяжы за кошт перанакіраваныя вагонапатокаў праз чыгуначны памежны пераход «Гудагай — Кяна».

За студзень 2023 году ў сярэднім за суткі празь пераход «Стасілас — Беняконі» праходзілі адзін-два цягнікі, у той час як праз «Гудагай — Кяна» — каля 6–7 цягнікоў, пры ўстаноўленым нарматыўным памеры руху 12 цягнікоў у кожным кірунку.

Пра рашэньне Літвы закрыць для беларускіх цягнікоў пункт пропуску «Стасілас» стала вядома 14 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва пацьвердзіла закрыцьцё чыгуначнага пункта пропуску Стасілас — Беняконі на мяжы зь Беларусьсю