У рэдакцыі баранавіцкага незалежнага выданьня Intex-press сілавікі канфіскавалі тэхніку

Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

У баранавіцкім «Выдавецкім доме „Інтэкс-прэс“» забралі тэхніку, паведамілі ў самім выданьні.

«15.02.23 у 000 „Выдавецкі дом „Інтэкс-прэс“ прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў і канфіскавалі тэхніку. Гэта стварае цяжкасьці ў працы intex-press.by.

Мы робім усё магчымае, будзем трымаць вас у курсе», — гаворыцца ў паведамленьні Intex-press.

На мінулым тыдні ўлады разблякавалі сайт Intex-press у Беларусі пасьля 1 году і 40 дзён. У Міністэрстве інфармацыі паведамілі, што парушэньняў няма.

«У сувязі з устанаўленьнем факту адсутнасьці парушэньня заканадаўчых актаў, якое стала падставай для прыняцьця рашэньня аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, а таксама іншых парушэньняў, у межах сваёй кампэтэнцыі загадваю: аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу з ідэнтыфікатарамі www. intex-press.by і intex-press.by», — гаварылася ў лісьце за подпісам міністра інфармацыі, які паступіў у рэдакцыю 9 лютага.

Апошні раз ператрус у рэдакцыі Intex-press адбыўся летась 12 траўня па справе аб «экстрэмізьме» ў сувязі зь перасьледам журналіста выданьня Юрыя Ганцарэвіча. 14 ліпеня 2022 году яму прысудзілі 2,5 года зьняволеньня за фота расейскай вайсковай тэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт баранавіцкага выданьня Intex-press разблякавалі ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Intex-press Ганцарэвічу прысудзілі 2,5 года зьняволеньня за фота расейскай вайсковай тэхнікі