Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) прыпыніла другую фазу расьсьледаваньня паходжаньня каранавірусу з прычыны цяжкасьцяў са зборам зьвестак у Кітаі, пра гэта паведаміла прадстаўніца арганізацыі Марыя ван Керкговэ ў размове з часопісам Nature.
Ван Керкговэ адзначыла, што кіраўнік САЗ Тэдрас Аданом Гебрэесус працягвае кантакты з кітайскімі чыноўнікамі, каб пераканаць КНР падзяліцца дадзенымі пра вірус. Супрацоўнікі арганізацыі таксама зьвязаліся з кітайскім цэнтрам кантролю за захворваньнямі, каб наладзіць супрацоўніцтва.
Разам з тым Nature піша, што для збору неабходных зьвестак аб крыніцы COVID-19 прайшло занадта шмат часу. Пры гэтым навукоўцы маюць дастаткова інфармацыі, каб перадухіліць магчымыя ўспышкі ў будучыні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Кітая паведамілі пра сьмерць амаль 60 тысяч чалавек праз COVID-19 з пачатку сьнежняПершы выпадак захворваньня COVID-19 выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у канцы 2019 году, пасьля чаго ён распаўсюдзіўся па іншых краінах. 11 сакавіка 2020 году САЗ абвясьціла пандэмію каранавірусу.
Пасьля візыту ва Ўханьскі інстытут вірусалёгіі ў 2021 годзе САЗ заявіла, што выцек COVID-19 зь лябараторыі «малаімаверны». Навукоўцы прыйшлі да высновы, што хвароба перадалася людзям ад кажаноў.
Кітай неаднаразова называў здагадку аб распаўсюджваньні COVID-19 з кітайскай лябараторыі «неабгрунтаванай» і сьцьвярджаў, што вірус зьявіўся ў ЗША, дзе таксама займаліся дасьледаваньнем каранавірусаў.
З пачатку пандэміі COVID-19 каранавірус выявілі амаль у 700 мільёнаў чалавек у сьвеце. Колькасьць яго ахвяраў набліжаецца да 7 мільёнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя назвала колькасьць беларусаў, цалкам вакцынаваных ад COVID-19. Даных пра захворвальнасьць не агучваюць сем месяцаўШто трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ