«Калі вугорцы дамовіцца з Лукашэнкам ня змогуць, то Эўразьвяз нічога не губляе», — палітоляг Кудзько пра візыт вугорскага міністра ў Менск

Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта

Дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько разважае, што азначае прыезд у Менск міністра замежных спраў Вугоршчыны, чыёй ініцыятывай быў гэты візыт — Будапэшту ці Брусэлю, і на які «максымум» і «мінімум» можа разьлічваць сёньня Эўразьвяз, кантактуючы з Лукашэнкам.

Сьцісла:

  • Іншыя краіны Эўразьвязу наўрад ці істотна супраціўляліся гэтаму візыту, бо калі ў вугорцаў нічога не атрымаецца, то Эўразьвяз тут нічога не губляе.
  • Лукашэнка, падаецца, ня здольны сёньня прапанаваць нейкія істотныя саступкі ва ўнутранай палітыцы, такія як вызваленьне палітвязьняў.
  • Калі ўдар будзе нанесены з тэрыторыі Беларусі, то ўжо мала каго будзе цікавіць, ці ўдзельнічаюць у наземнай апэрацыі беларускія войскі.
  • Эўразьвяз: «Нічога зараз зь Беларусьсю рабіць ня можам, і будзем вырашаць гэтую праблему пасьля заканчэньня вайны ва Ўкраіне».

— Як варта ацаніць візыт у Менск міністра замежных спраў і замежнай палітыкі Вугоршчыны Петэра Сіярта? На вашую думку, ці гэта «заданьне Эўразьвязу» з мэтай высьветліць сытуацыю, намацаць нешта новае ў пазыцыі Менску, ці гэта выключна ініцыятыва Вугоршчыны як краіны з такой «спэцыфічнай» пазыцыяй і рэпутацыяй унутры Эўразьвязу?

— Думаю, гэта сумесь абедзьвюх вэрсіяў. Аднак можна дакладна канстатаваць, што ў Вугоршчыны ёсьць жаданьне займацца спробамі такіх перамоваў. У цяперашняга кіраўніцтва Вугоршчыны ёсьць сваё бачаньне таго, дзе знаходзіцца краіна — недзе паміж Захадам і Ўсходам, таму яны і імкнуцца выконваць нейкую асаблівую ролю ў эўрапейскай палітыцы.

Алена Кудзько

Але, думаю, іншыя краіны Эўразьвязу наўрад ці істотна супраціўляліся гэтаму візыту. Па-першае, спыніць вугорцаў у гэтых іхных памкненьнях ня так і проста. Так што — няхай паспрабуюць даведацца, чаго хоча Лукашэнка, што ён можа прапанаваць. Але калі ў Будапэшту нічога не атрымаецца, то Эўразьвяз тут нічога не губляе. Гэта забудзецца як чарговая спроба кантакту з Лукашэнкам. Таму я мяркую, што асаблівага пярэчаньня з боку іншых краін Эўразьвязу не было, — але і вялікага мандату вугорскаму міністру на сур’ёзныя дамоўленасьці ніхто не даваў.

— Спэцыфіка Вугоршчыны ў тым, што з усіх краін Эўразьвязу менавіта ў яе самыя нестабільныя і недружалюбныя стасункі з Украінай, ажно да тэрытарыяльных праблемаў і праблемаў з вугорскай меншасьцю. Асаблівае стаўленьне цяперашняга вугорскага кіраўніцтва да Расеі грае сваю ролю ў тым, што менавіта міністар з гэтай краіны прыехаў у Менск?

— Канечне, гэта мае значэньне. Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Орбан ад самога пачатку расейска-ўкраінскай вайны рабіў стаўку на тое, што Пуцін хутка пераможа і Орбан стане галоўным перамоўнікам у наладжваньні адносін з Расеяй. Што эўрапейцы і амэрыканцы прымуць гэта і вернуцца да звычайных адносін з Расеяй.

Таксама трэба памятаць, што ў Вугоршчыне цяпер даволі цяжкая эканамічная сытуацыя, і ўлады вінавацяць у гэтым заходнія санкцыі супраць Расеі. Так што ў Орбана шмат матывацыі ў тым, каб бачыць вырашэньне сваіх праблемаў праз заканчэньне вайны з Расеяй і выкананьне ролі мадэратара ў такіх перамовах. Увогуле, вугорцы зараз даволі актыўна займаюцца тымі праектамі, якія могуць выклікаць крытыку ў Эўразьвязе, якія могуць прыцягнуць шмат увагі і, на думку Орбана, павялічыць перамоўныя пазыцыі Будапэшту ўнутры Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт на 90,5 мільёна даляраў, будавалі разам цягнікі. Што аб’ядноўвае Беларусь і Вугоршчыну

— Калі пачытаць афіцыйную інфармацыю МЗС Беларусі, то міністар Сяргей Алейнік настойліва падкрэсьліваў тэзіс пра міралюбную палітыку Беларусі, шмат гаварыў пра шкоду санкцый. Таксама заявіў, што Менск «падтрымлівае розныя кантакты з цэлым шэрагам эўрапейскіх партнэраў». Гэта звычайная рыторыка ці тут можна пачуць нейкія новыя матывы?

— Я ня бачу нічога новага ў рыторыцы Менску ў гэтым пляне. Заўжды была рыторыка пра тое, што «мы не жадаем ваяваць», «мы міратворцы» і гэтак далей. Але, канечне, ёсьць жаданьне паслабіць санкцыі і дзеля гэтага ўзнавіць нейкія кантакты з Эўропай. Візыт дзейнага міністра краіны Эўразьвязу — гэта, канечне, зусім іншы ўзровень такіх кантактаў.

— Калі гаварыць пра «максымум» магчымага, то што сёньня Менск можа прапанаваць Брусэлю, а што Эўразьвяз можа прапанаваць Лукашэнку?

— Лукашэнка можа паабяцаць, што не накіруе беларускія войскі ва Ўкраіну, плюс можа зноў даказваць, што пляцоўка ў Беларусі заўсёды гатовая прыняць патэнцыйных перамоўнікаў. Але нават гэта ня можа разглядацца Эўразьвязам як нейкі вялікі прагрэс, бо беларускіх войскаў ва Ўкраіне і так няма.

Зь іншага боку, Лукашэнка, падаецца, ня здольны сёньня прапанаваць нейкія істотныя саступкі ва ўнутранай палітыцы, такія як вызваленьне палітвязьняў. А патэнцыйных перамоўных пляцовак таксама хапае — напрыклад, тая ж Турэччына.

Вядома, калі гаварыць пра «максымум» — Эўразьвяз хацеў бы, каб Беларусь істотна зьменшыла свой удзел у вайне, пажадана, каб расейскія войскі сышлі зь Беларусі. Але ў Брусэлі разумеюць, што на сёньня гэта маларэалістычна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад дэманстрацыйнай падтрымкі Расеі да сьвініны і АЭС: вугорскія экспэрты пра візыт міністра Сіярта ў Беларусь

— Калі «максымум» на сёньня маладасягальны, што на сёньня выглядае «мінімумам», першым крокам? Калі зь Беларусі будзе нанесены новы ўдар расейскімі войскамі па Ўкраіне, але беларускія войскі ў ім ня будуць удзельнічаць — гэта яшчэ будзе мець нейкае значэньне?

— Калі ўдар будзе нанесены з тэрыторыі Беларусі, то ўжо мала каго будзе цікавіць, ці ўдзельнічаюць у наземнай апэрацыі беларускія войскі. Гэта будзе зусім іншая сытуацыя.

— Нярэдка Захад крытыкуюць за тое, што ў яго няма нейкай выразнай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі, што Захад толькі рэагуе на нейкія дзеяньні Менску, а ня мае сваёй ініцыятывы. Тое, што зараз робіць, напрыклад, Польшча, рэагуючы на прысуд Пачобуту — ці можна гэта назваць сьведчаньнем нейкай стратэгіі, ці зноў жа гэта сытуатыўная рэакцыя на падзеі?

— Не, ніякага стратэгічнага комплекснага пляну няма. Нехта прыдумае нейкае новае дзеяньне, як зараз Польшча, прапануе яго ўсім — і Эўразьвяз пачынае гэта абмяркоўваць. Існуе агульнае разуменьне, што нічога цяпер зь Беларусьсю рабіць ня можам, і будзем вырашаць гэтую праблему пасьля таго, як скончыцца вайна ва Ўкраіне. Аднак сцэнары завяршэньня вайны ва Ўкраіне таксама ж існуюць вельмі розныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь якой місіяй прыехаў у Менск вугорскі міністар і пры чым тут Крэмль і Кіпр