Малдова на 1 гадзіну закрывала сваю паветраную прастору зь меркаваньняў бясьпекі

Аэрапорт Кішынэва, 2023

Малдоўскія СМІ напісалі пра выяўленьне над краінай бесьпілётніка, афіцыйных камэнтароў з гэтай нагоды пакуль няма.

У прэс-службе Міжнароднага аэрапорта Кішынэва інфармацыйным агенцтвам пацьвердзілі факт адмены рэйсаў, аднак адмовіліся прадставіць дадатковую інфармацыю.

Улады краіны таксама пакуль не камэнтуюць сытуацыю.

Раней шэраг СМІ распаўсюдзіў інфармацыю, што авіякампаніі былі папярэджаныя аб выяўленьні выведвальнага лятальнага апарата ў паветранай прасторы краіны.

Малдова адкрыла паветраную прастору праз гадзіну пасьля закрыцьця

Малдоўская служба Радыё Свабода са спасылкай на Ўпраўленьне грамадзянскай авіяцыі паведаміла аб адкрыцьці паветранай прасторы з 14.47 па мясцовым часе (15.47 па беларускім часе). Афіцыйныя структуры не патлумачылі прычыны закрыцьця паветранай прасторы.

У Румыніі і Ўкраіне заўважылі дзіўныя паветраныя аб’екты


Сыстэма паветранага назіраньня румынскіх ВПС выявіла 14 лютага каля 12:30 невялікую паветраную цэль, падобную на мэтэаралягічны шар, які знаходзіўся ў паветранай прасторы на паўднёвым усходзе Румыніі на вышыні каля 11 000 мэтраў у нацыянальнай паветранай прасторы.

Як паведаміла румынская служба радыё Свабодная Эўропа, па гэтай прычыне ўлады Румыніі паднялі ў паветра два самалёты МіГ-21 LanceR, аднак экіпажы самалётаў не пацьвердзілі наяўнасьць паветранай мэты ні візуальна, ні на бартавых радарах. Для поўнага высьвятленьня сытуацыі самалёты знаходзіліся ў гэтым раёне каля 30 хвілін і потым вярнуліся на авіябазу.

Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат паведаміў, што 14 лютага ў паветранай прасторы Ўкраіны зафіксавалі шары з кутавымі адбівальнікамі, запушчаныя з тэрыторыі Расеі. Паводле яго, такія шары расейцы выкарыстоўваюць, каб адцягнуць увагу сродкаў супрацьпаветранай абароны і правесьці выведку. Ён не ўдакладніў вобласьць, дзе былі заўважныя гэтыя аб’екты, але дадаў, што падобныя назіралі ўжо 12 лютага над Днепрапятроўскай вобласьцю.

У Малдове неафіцыйныя крыніцы пасьля закрыцьця паветранай прасторы паведамлялі, што гэта зрабілі ў мэтах бясьпекі, бо заўважылі ў паветры бесьпілётны апарат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Малдовы: Расея хоча зрабіць у нас пераварот пры дапамозе іншаземцаў, у тым ліку беларусаў

Нядаўна Ўладзімір Зяленскі, выступаючы на саміце Эўразьвязу 9 лютага, заявіў, што Кіеў «перахапіў плян зьнішчэньня Малдовы», складзены расейскай выведкай. Пазьней у Кішынэве пацьвердзілі гэта.

Віцэ-прэм’ер Ніку Папэску заявіў, што за апошні год у Кішынэве былі спробы дэстабілізаваць урад, і ўсе яны праваліліся.

Малдова падала заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз адразу пасьля таго, як Расея ўварвалася ва Ўкраіну амаль год таму. Расея ўжо тры дзесяцігодзьдзі трымае свае войскі ў Прыднястроўі, сэпаратысцкім рэгіёне Малдовы.

Раней былі зафіксаваныя два выпадкі, калі расейская ракета перасякала паветраную прастору Малдовы. Апошні раз у Кішынэве факт такога здарэньня пацьвердзілі 10 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі, што дзьве расейскія ракеты перасеклі паветраную прастору Малдовы і Румыніі. У Кішынёве пацьвердзілі, у Бухарэсьце — не