Паводле сьледзтва, палітвязень Сяргей Ціханоўскі падчас адбыцьця пакараньня нібыта «сыстэматычна дапускаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамэрнікамі. За гэта неаднаразова меў спагнаньні», піша «Вясна».
Разгляд новай справы супраць палітвязьня, паводле пляну, пачынаецца 14 лютага а 10-й гадзіне. Працэс у СІЗА Жодзіна вядзе судзьдзя Іван Грынкевіч.
У жніўні палітвязьню, асуджанаму на 18 гадоў калёніі, ўзмацнілі пакараньне і перавялі ў Жодзіна на турэмны рэжым. Там яго бесьперапынна зьмяшчалі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страну для жизни» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»Хто такі Сяргей Ціханоўскі
Муж апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе быў папулярным блогерам, стваральнікам праекту «Страна для жизни». Ягоныя сюжэты на youtube-канале мелі сотні тысяч праглядаў. Ён езьдзіў па краіне і выкрываў нядбайства чыноўнікаў, запісваў гутаркі зь людзьмі. У траўні 2020 году Сяргей заявіў пра прэзыдэнцкія амбіцыі. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў выніку правакацыі на пікеце ў Горадні. З таго часу ён у зьняволеньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашаму каханьню амаль 20 гадоў». Ціханоўская прызналася, што скажа мужу, калі яго пабачыць. Відэа
Сяргей сядзеў у менскім СІЗА на Валадарскага. Затым — у турме ў Жодзіне, СІЗА ў Гомлі. Са жніўня 2020 году ён знаходзіцца ў розных турмах у адзіночнай камэры. І ў СІЗА на Валадарскага, і ў Жодзіне, і ў Гомлі ён неаднаразова трапляў у штрафны ізалятар (ШЫЗА) за «парушэньні» — прыкладам, за тое, што быў няголены ці што ў камэры было павуціньне.
Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальваньні варожасьці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі. На судзе 14 сьнежня 2021 году ён атрымаў 18 гадоў зьняволеньня. Пасьля прысуду Ціханоўскаму перасталі перадаваць лісты ад сяброў і знаёмых. І нават ад жонкі, лідэркі дэмакратычнай Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Перапіску ён мае толькі зь дзецьмі.
У чэрвені 2022 году КДБ унёс Ціханоўскага ў сьпіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Нягледзячы на вялікі тэрмін зьняволеньня, палітвязьню і мужу апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай выставілі новае абвінавачаньне.
Асуджанаму на 18 гадоў турэмнага зьняволеньня Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачаньне ў «злачынстве супраць правасудзьдзя», піша Сьледчы камітэт.
Паводле сілавікоў, Сяргей нібыта «падчас адбыцьця пакараньня сыстэматычна дапускаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамэрнікамі. За гэта неаднаразова меў спагнаньні».
Дзеяньні Ціханоўскага кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 411 (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, учыненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
З інфармацыі праваабаронцаў вынікае, што за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» ўжо асудзілі ня менш за 15 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ШЫЗА, ПКТ, «крытая» турма і плёткі пра «нізкі статус». Як рэжым помсьціць Сяргею Ціханоўскаму і ягонаму атачэньнюЗатрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.