Да трох гадоў калёніі асудзілі адміністратара суполкі «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!», піша «Вясна».
Працэс праходзіў у Гомельскім абласным судзе. Навуковы супрацоўнік Уладзімер Буцькавец, які адміністраваў суполку ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце», будзе адбываць пакараньне ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Буцькаўца асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня). Прысуд вынес судзьдзя Руслан Царук, які раней ужо неаднаразова выносіў прысуды з палітычным падтэкстам, напрыклад, у «справе Зельцара» і за фатаграфаваньне расейскай вайсковай тэхнікі на беларускай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар: TikTok па-беларускуУ верасьні мінулага году на адным з праўладных тэлеграм-каналаў зьявілася відэа, на якім відаць, як міліцыянты з прымяненьнем сілы затрымліваюць Уладзімера, а далей ён прызнаецца, што мадэраваў і выстаўляў навіны пра беларускую мову на старонцы, якую ўлады абвясьцілі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
На сёньня дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская і расейская. Гэта адбылося пасьля рэфэрэндуму, арганізаванага Лукашэнкам у сярэдзіне 90-х. Пры гэтым фактычна абсалютная большасьць чыноўнікаў пры Лукашэнку беларускай мовай не карыстаецца і не валодае ёй у дастатковай ступені. Амаль усё справаводзтва ў краіне адбываецца выключна на расейскай мове. На ёй жа пераважна працуе большасьць рэспубліканскіх СМІ. Праваабаронцы неаднаразова фіксавалі факты дыскрымінацыі, зьдзекаў і арыштаў за выкарыстаньне беларускай мовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не было ніякай „мяккай беларусізацыі“». Мовазнаўца Вячорка пра вынішчэньне беларускай мовы і напад на лацінку