Прадпрыемства «Гродна Азот» знаходзіцца пад санкцыямі. Але, як даведаўся «Рабочы рух», яму ўдаецца перавозіць сваю прадукцыю ў Эўразьвяз. Пры начной акцыі прысутнічалі журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ).
На памежным пункце пропуску Райгардас (Літва) (з боку Беларусі — Прывалка), актывісты затрымалі дзьве фуры, якія на той момант ужо прайшлі мытны кантроль у Літве.
Кіраўніку БРЦ Станіславу Івашкевічу ўдалося паразмаўляць з кіроўцам першага грузавіка, які пацьвердзіў, што ўгнаеньні пагрузілі ў яго машыну на прадпрыемстве «Гродна Азот». Кіроўца таксама паведаміў, што ён ня ў курсе, што груз санкцыйны і проста вязе яго да месца прызначэньня.
Шафёр другой фуры пацьвердзіў аналягічнае паходжаньне свайго грузу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне раскрылі схему паставак сельгаспрадукцыі з акупаванага Крыму ў Эўразьвяз празь Беларусь і ПольшчуПасьля разбору пры ўдзеле прадстаўнікоў літоўскай паліцыі, супрацоўнікаў мытні і памежнікаў літоўскі бок вырашыў накіраваць фуры на дадатковую праверку.
«Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе завядзеньня сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.
Дзесяць прадстаўнікоў арганізацыі цяпер на лаве падсудных у крымінальнай справе, што разглядаецца ў Гомельскім абласным судзе. Ім пагражае да 15 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве» і «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Асобныя члены пачулі і іншыя абвінавачаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве — тысячы спробаў абмінуць санкцыі, уведзеныя супраць БеларусіБеларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) — незалежная арганізацыя, якая спэцыялізуецца на журналісцкіх расьсьледаваньнях. Яе матэрыялы зьяўляюцца на тэлеканале «Белсат».
БРЦ — сябра Міжнароднага цэнтру дасьледаваньняў карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), пэрыядычна супрацоўнічае з журналістамі зь іншых краін у межах сумесных расьсьледаваньняў. Беларускі расьсьледніцкі цэнтар узначальвае журналіст Стась Івашкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Турэччына прадала Расеі тавары для ваенных патрэбаў у абыход санкцый ЗША