9 лютага пракурор Аляксандар Кароль запрасіў нобэлеўскаму ляўрэату Алесю Бяляцкаму 12 гадоў зьняволеньня, ягоным калегам Уладзімеру Лабковічу — 9 гадоў зьняволеньня, Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў, Дзьмітрыю Салаўёву, які знаходзіцца за мяжой, — 10 гадоў зьняволеньня.
Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу вясноўцаў разглядае судзьдзя Марына Запасьнік. Чакаецца, што прысуд фігурантам справы «Вясны» абвесьцяць 3 сакавіка ў 12:00.
13 лютага яны выступілі з апошнім словам. Вось што сказалі праваабаронцы, якіх цытуе сайт «Вясны»:
Бяляцкі: «Трэба пачаць шырокі грамадзкі дыялёг, накіраваны на нацыянальнае прымірэньне»
Першым з апошнім словам выступіў Алесь Бяляцкі:
«Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў „Вясны“ — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапэя на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне ня мае нічога агульнага з папярэднім сьледзтвам, плюс палітычны падтэкст.
А за ім не было і справядлівага судовага разьбіральніцтва. Паўтара года цягнулася расьсьледаваньне гэтак званай крымінальнай справы. З чатырох адвакатаў, якія на розных этапах абаранялі мяне, адзін з іх — Віталь Брагінец, які апынуўся ў турме і быў зьняволены на восем гадоў, яшчэ двое былі пазбаўленыя ліцэнзіі цягам апошніх месяцаў, і толькі адна дайшла да фінішу. Такі беспрэцэдэнтны ціск на адвакатаў паказвае, у якіх цяжкіх і небясьпечных умовах ім прыходзіцца абараняць сваіх кліентаў.
Відавочна, калі мы азнаёміліся зь некаторымі тамамі так званай крымінальнай справы, сьледзтва выконвала пастаўленую перад імі задачу: зьняволіць праваабаронцаў «Вясны» любым коштам, зьнішчыць «Вясну» і спыніць нашую працу. Так можна патлумачыць нечаканую зьмену абвінавачаньня зь «нявыплаты падаткаў» (яно існавала фактычна 13 месяцаў, фактычна з дня нашага затрыманьня) на «кантрабанду арганізаванай злачыннай групоўкай», якую зрабілі зь «Вясны». Відавочна, што ўлады парушаюць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў галіне абароны праваабаронцаў у межах аб’яднаных пагадненьняў ААН і АБСЭ.
Асобна трэба адзначыць моцна нэгатыўную субʼектыўную ацэнку праваабаронцаў «Вясны» падчас папярэдняга расьсьледаваньня з боку дзяржаўных СМІ: розных тэлеканалаў і газэты «Беларусь сегодня», заснавальнікам якой зьяўляецца Адміністрацыя прэзыдэнта. Так, ужо ў верасьні мінулага году ў тэкстах сьцьвярджалася, што «праваабаронцы распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы, а таксама фінансавалі пратэсты».
Асобна выкід у два кашы розных плётак, хлусьні, маны быў зроблены за апошні тыдзень і ўчора [12 лютага], гэта ўсё актыўна дэманстравалася і паказвалася па дзяржаўных тэлеканалах, дзе нас абвінавачвалі ў розных грахах, да якіх не дадумвалася нават сьледзтва і пракуратура. Мне тут бачыцца парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці, прамы ціск на суд, бо нас яшчэ не асудзілі, але дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ўжо называюць нас злачынцамі.
Абвінавачваньне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску
Надзвычайна склалася сытуацыя з мовай у судзе: абвінавачваньне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачаны, зьяўляюся беларускамоўным у жыцьці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай мовай, і вы як дзяржаўныя чыноўнікі павінны ведаць дзьве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую, а ня пыкаць і бэкаць. Таму вы абавязаныя размаўляць, адпаведна, зь беларускамоўнымі грамадзянамі па-беларуску. Напрыклад, так, як гэта прадугледжвае Закон «Аб зваротах грамадзян»: калі ты пішаш на беларускай, то любое чыноўніцкае ведамства адказвае табе на беларускай мове. Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачваньня. Мне не далі магчымасьці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазыцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачваньне.
Абвінавачваньне і суд практычна адмовіліся ад допыту, ад пытаньняў, якія іх цікавілі падчас працэсу і майго допыту. Складаецца ўражаньне, што ні пракуратуру, ні суд увогуле не цікавіць праўда, для іх усё было зразумела з самага пачатку яшчэ да суду. Нагадваю, што ні пракуратура, ні суд так і не далі мне магчымасьці азнаёміцца з усімі 284 тамамі так званай крымінальнай справы.
Замест таго каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла магутная рэакцыя
Пра палітычную падаплёку гэтай крымінальнай справы супраць праваабаронцаў «Вясны» сьведчыць і агульная сытуацыя ў краіне, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальнымі парушэньнямі правоў чалавека, якія абрынуліся на грамадзтва падчас і пасьля выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Замест таго каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла магутная рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэньнем уладаў было разграміць і зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць Беларусі.
Пад катком рэпрэсій апынуліся незалежныя журналісты і блогеры, самастойныя аналітыкі і палітолягі, прафсаюзныя актывісты зь незалежных прафсаюзаў, лідэры і актывісты палітычных партый і рухаў, актывісты выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты, як і самі кандыдаты ў прэзыдэнты, дзеячы беларускай культуры, пісьменьнікі, музыкі, мастакі, выкладчыкі і студэнты, спартсмэны, шараговыя ўдзельнікі мірных пратэстаў дый проста выпадковыя людзі. У краіне сёньня паўтары тысячы палітычных зьняволеных.
Сотні за апошнія два з паловай гады ўжо прайшлі праз турмы і пасьля пакараньня выйшлі на волю. Дзясяткі тысяч мірных актывістаў былі арыштаваныя і асуджаныя за гэты час па адміністрацыйных справах. Нічога дзіўнага, што ў гэты час, калі ў Беларусі паляцелі ў тартарары правы чалавека, і праваабаронцы таксама апынуліся ў турме. Гэта кіраўніца валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валянтэр Андрэй Чапюк, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, валянтэрка Тацяна Ласіца і іншыя валянтэры, якія дапамагалі ахвярам масавых рэпрэсій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» зьвярнулася ў ААН у справе парушэньняў правоў і свабодаў сваіх кіраўнікоў падчас судуРэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёньня. Пра гэта сьведчаць усё новыя і новыя палітычныя зьняволеныя, якія зьяўляюцца ў СІЗА. Так, нядаўна была арыштаваная праваабаронца Наста Лойка. Чарадою ідуць судовыя працэсы па палітычна матываваных крымінальных справах. Неверагодны, неўяўляльны і нябачаны дагэтуль узровень рэпрэсій, усемагчымага ціску на грамадзтва з боку ўладаў! У нашай гісторыі такое было толькі ў царскія і сталінскія змрочныя гады аж да сьмерці Сталіна ў 53-м годзе. На пачатку 80-х гадоў, калі ў СССР быў пік змаганьня з дысыдэнтамі, праваабаронцамі, актывістамі нацыянальных і рэлігійных рухаў, палітзьняволеных было каля трох тысячаў на ўсю агромністую савецкую імпэрыю, у якой жыло 250 мільёнаў чалавек. А зараз на адну Беларусь — паўтары тысячы палітзьняволеных.
Улады ўзялі курс на татальны кантроль грамадзтва і жорсткае падаўленьне іншадумства
Я перакананы, што курс, узяты ўладамі на татальны кантроль грамадзтва і жорсткае падаўленьне іншадумства, поўную адмову ад плюралізму думак, пераўладкаваньне дзяржаўнага ладу на ўзор таталітарнага грамадзтва а-ля Савецкі Саюз 70-х гадоў, зусім беспэрспэктыўны. Сьвет ідзе наперад — у постындустрыяльную эпоху. Ужо вырасла новае пакаленьне, мільёны беларусаў маюць інакшыя ад яшчэ той, савецкай эпохі цывілізацыйныя каштоўнасьці. Яны ня хочуць жыць у савецкай казарме. Для іх мала скібкі хлеба, палітай вадой і пасыпанай цукрам, ці сала, пасмажанага на ражончыку. Яны хочуць і патрабуюць, каб іх голас быў пачуты, улічаны і палічаны. Яны хочуць жыць у эканамічна разьвітай дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.
Падзеі 2020 году, масавыя пратэсты супраць фальсыфікацый вынікаў выбараў, супраць парушэньняў правоў чалавека выразна паказалі гэта лепей за любую сацыялёгію. Багата для каго гэтыя падзеі былі нечаканасьцю, а для ўладаў — непрыемным сюрпрызам. Трэба прызнаць, што грамадзтва і людзі ў краіне моцна падзеленыя біялягічна, каштоўнасна, мэнтальна, але тым, хто жыве ў грамадзтве, відаць, што гэты падзел ідзе па ўзросьце, па месцы пражываньня, па ўзроўні адукацыі, хоць нічога дзіўнага, адметнага і ўнікальнага ў гэтым няма. Па ўсім сьвеце грамадзтвы неаднародныя. Яны складаюцца з розных людзей розных поглядаў, іхныя інтарэсы прадстаўляюць палітычныя партыі, а сапраўды справядлівыя выбары даюць магчымасьць адносіцца з больш-менш пэўным даверам да ўлады. Падзел беларускага грамадзтва не фатальны. Зь ім і грамадзтва, і дзяржава могуць жыць, але яго існаваньне трэба ясна ўсьведамляць, а не заплюшчваць вочы і не будаваць сабе ўтульны сьвет, так, як камусьці хацелася б.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома аб пракурору, які папрасіў 12 гадоў турмы для нобэлеўскага ляўрэата БяляцкагаМільёны беларусаў думаюць і разважаюць, урэшце, жывуць вось так, а мільёны — па-іншаму. І ня так важна, каго сёньня больш. І адных, і другіх мільёны. Важна зразумець, што такі ўнутраны падзел грамадзтва надоўга. І з гэтым падзелам нам усім — усяму беларускаму грамадзтву незалежна ад нашых поглядаў і перакананьняў — прыйдзецца яшчэ доўга жыць. У гэтай сытуацыі курс на канфрантацыю, калі адна частка — сілавыя структуры, спэцслужбы, пракуратура, сьледчы апарат, суды — цісьне і душыць другую, небясьпечны і беспэрспэктыўны. Ён вядзе ў нікуды. Гісторыя краінаў Лацінскай Амэрыкі XX стагодзьдзя — Чылі, Аргентыны, Гаіці і іншых краін — гэтаму пацьверджаньне. Хунты бананавай рэспублікі, дыктатуры ня маюць пэрспэктывы для доўгага жыцьця і разьвіцьця. Вынікі такой палітыкі нецярпімасьці, канфрантацыі і поўнай адмовы ад палітычнага плюралізму — гэта няспынны грамадзка-палітычны, сацыяльны, эканамічны крызісы, масавая міграцыя. Усё гэта туга завязана паміж сабой.
Трэба пачаць шырокі грамадзкі дыялёг, накіраваны на нацыянальнае прымірэньне
Сытуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небясьпечная для сувэрэнітэту Беларусі. Перад намі агромністыя геапалітычныя выклікі — краіна зайшла ў тупік. Як казалі нашыя продкі: той самы нерат, зь якога ні ўзад, ні ўперад. Адзіным магчымым выйсьцем з усебаковага крызісу, у якім апынулася Беларусь, бачыцца пастаянны доўгатэрміновы пошук кансэнсусу, раўнавагі ў грамадзтве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадзтва. Дзеля захаваньня Беларусі як дзяржавы, дзеля будучыні нашага народу нам усім, а найперш — уладам, трэба праявіць мудрасьць і дальнабачнасьць. Я згадваю наш заклік, Праваабарончага цэнтру «Вясна», перад выбарамі 2020 году, які быў апублікаваны на нашым сайце і ў іншых сродках масавай інфармацыі. У ім мы заклікалі ўлады не ўжываць гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Ужылі — і чым гэта скончылася?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Бяляцкага адміністрацыя менскага СІЗА пакарала вымовайТрэба пачаць шырокі грамадзкі дыялёг, накіраваны на нацыянальнае прымірэньне, як бы цяжка ні здавалася б камусьці пайсьці на гэта. Перадумовай такога дыялёгу мусіць быць вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных, правядзеньне шырокамаштабнай амністыі, спыненьне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць. У такім дыялёгу павінны ўзяць удзел як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадзкасьці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах, і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў зьехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, абы было жаданьне і палітычная воля. Грамадзка-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста зараз выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках сьвету. Улады і грамадзкасьць у Казахстане, у Вэнэсуэле і нават у Іране.
Трэба ясна ўсьвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязьлітаснае супрацьстаяньне, якое можа прывесьці да вельмі сурʼёзных наступстваў: да беднасьці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасьці, якія спустошаць Беларусь. Калі мы думаем пра Беларусь як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў Радзіму, у якой, нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасьці, ёсьць месца ўсім; калі мы ня хочам пагрузіць краіну ў галечу; калі мы ня хочам дапусьціць масавы вымушаны выезд беларусаў у сьвет па лепшую долю; калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадзка-палітычнае, экалягічнае разьвіцьцё нашага народу, — мы павінны распачаць гэты грамадзкі дыялёг. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволеная Наста Лойка адмовілася падчас сьледзтва даваць паказаньні ў справе «Вясны»Стэфановіч: «Яшчэ раз заяўляю, што мой перасьлед зьвязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасьцю — легітымнай і мірнай»
Пасьля Алеся Бяляцкага з апошнім словам выступіў намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDН Валянцін Стэфановіч:
«У чацьвер я палову дня слухаў пракурора і не пачуў аніякіх доказаў. Толькі агульныя доказы і фантазіі сьледзтва, якія мы атрымалі з боку абвінаваўцы. Паўтаруся, ніводнага ўстаноўленага факта зьдзяйсьненьня злачынства мной і маімі калегамі. Я ня буду паўтараць аргумэнты адвакатаў-абаронцаў, толькі падкрэсьлю, што ад самага пачатку, ад моманту свайго затрыманьня я займаў прынцыповую і пасьлядоўную пазыцыю непрызнаньня віны. Нагадаю, што справа была ўзбуджана па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне выпусьцілі канвэрт і марку, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму. ФОТАІ фактычна больш за год я абвінавачваўся менавіта па гэтым артыкуле. Яшчэ ў сьнежні 2021 году ў МНС Партызанскага раёну Менску ў дачыненьні да мяне была распачата праверка, якая была спыненая дзесьці ў траўні 2022 году і па выніках якой не было ня тое што падставаў для крымінальнай адказнасьці, а нават для адміністрацыйнай. 13 гадоў не было ўстаноўлена перавышэньня выдаткаў над даходамі. А я нагадаю, што ў 2008 годзе праводзілася падатковая праверка, якая таксама не ўстанавіла ніякіх парушэньняў заканадаўства і перавышэньня даходаў над выдаткамі. То бок фактычна з 2008 году да 2022 я пастаянна правяраюся падатковымі інспэкцыямі, якія не выяўляюць ніякіх парушэньняў.
Урэшце рэшт крымінальная справа, праз больш за год утрыманьня мяне пад вартай, па арт. 243 КК была спыненая, і было прадʼяўлена абвінавачаньне па ч. 4 арт. 228 і арт. 342 КК. Віну па новых прадʼяўленых абвінавачаньнях я таксама не прызнаў. Пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы падчас папярэдняга сьледзтва мной было напісана хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да мяне і неадкладнага вызваленьня мяне з-пад варты. Вядома, мне было адмоўлена ў задавальненьні майго хадайніцтва. У сваім адказе сьледчы Каляга ўказаў, што, на яго думку, я аказваю садзейнічаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства па агульным складзе інкрымінаванага абвінавачваньня. То бок фактычна, на думку сьледзтва, я зьяўляўся саўдзельнікам у форме пасобніка, калі б гэта не было арганізаванай групай, і кваліфікавалася праз арт. 16 КК. Але паколькі нам інкрымінуецца «арганізаваная група» — гэта значыць, што ўсе саўдзельнікі зьяўляюцца сувыканаўцамі незалежна ад іх ролі. Але паўтаруся, што ніякіх доказаў наяўнай арганізаванай групы няма.
Што тычыцца ч. 2 арт. 342 КК, то тут абвінавачаньне было відавочна перапісана з Дэклярацыі аб праваабаронцах. То бок нам інкрымінуюць ажыцьцяўленьне легітымнай праваабарончай дзейнасьці. Але нават па гэтых абвінавачаньнях сьледзтвам не было прадстаўлена ніякіх доказаў маёй датычнасьці да зьдзяйсьненьня гэтага злачынства.
Што тычыцца самога судовага працэсу, то адзначу, што ён ад самага пачатку праходзіў з парушэньнем нашых правоў: з прымяненьнем абыходжаньня, якое прыніжае чалавечую годнасьць, з парушэньнем прэзумпцыі невінаватасьці, парушэньнем роўнасьці правоў. Так, абвінавачаныя праваабаронцы былі пазбаўленыя магчымасьці допыту большасьці заяўленых сьведак па справе, у тым ліку так званых «залегендаваных сьведак», паказаньні якіх пракурор прапануе пакласьці ў аснову прысуду, што ня дзіўна. Улічваючы той факт, што адна зь іх зьяўляецца ня кім іншым, як няўдалым агентам спэцслужбаў у праваабарончай супольнасьці. Гэта ўсім вядомы факт.
Ну, а цяпер Алена Красоўская, якая ўвесь час прысутнічала ў залі судовага пасяджэньня, нягледзячы на тое, што была сьведкай, актыўна камэнтавала яшчэ да пачатку судовага працэсу, падчас судовага працэсу. Выклала фактычна свае паказаньні ў адным з выпускаў «Советской Беларуси» да пачатку судовага працэсу. Натуральна, што я лічу, што такія паказаньні не зьяўляюцца дапушчальнымі і ня могуць легчы ў аснову прысуду. Дый па сутнасьці паказаньнямі гэта не назавеш, гэта так, зборнік нейкіх плётак, чутак, як кажуць у народзе: як адна баба сказала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працяг суду над лідэрамі «Вясны»: праваабаронцы зноў прасілі зьняць зь іх кайданкі, суд адмовіўНу, і асобна хацелася б адзначыць асьвятленьне працэсу ў сродках масавай інфармацыі да вынясеньня прысуду. Кім нас толькі там ні называлі: і махлярамі, і афэрыстамі, і тое, што мы фінансавалі дзяржаўны пераварот, і тое, што мы фінансавалі масавыя беспарадкі, і яшчэ шмат-шмат чаго. Прэзумпцыя невінаватасьці — гэта канстытуцыйная гарантыя, яна належыць усім абвінавачаным, ня важна, па якіх артыкулах. Вяртаючыся да таго, што выказваў падчас прамовы пракурор: усе роўныя перад законам. Мы таксама роўныя перад законам і маем такія ж правы, як і ўсе астатнія грамадзяне, у тым ліку на прэзумпцыю невінаватасьці.
Я, канечне, ня маю ніякіх ілюзій адносна гэтага прысуду і спадзяваньняў на справядлівае судовае разьбіральніцтва ва ўмовах, калі ўся краіна вяртаецца фактычна да нашага «сьветлага» мінулага — да камуністычнага таталітарызму. Тут, канечне, не ўгадаю, наколькі ў такіх сытуацыях судовая сыстэма не зьяўляецца незалежнай, а пасьля жніўня 2020 году знаходзіцца проста ў дэградаваным становішчы. Гэтак званыя наглядныя органы законнасьці цяпер жывуць па прынцыпе «иногда не до законов».
Нагадаю, што катаваньні зьяўляюцца адным з двух неабмежаваных правоў чалавека. То бок яны недапушчальныя ні пры ніякіх абставінах: ні пры ваенным становішчы, ні пры вайне, ні пры іншых нейкіх катаклізмах. І, канечне, каб абараняць людзей ад катаваньняў і свавольляў, трэба мець прафэсійную годнасьць і сьмеласьць. Але, тым ня менш, я бачыў у СІЗА людзей, якія засталіся верныя сваёй прысязе і прафэсійнаму ўзроўню: такія, як памочнік пракурора Першамайскага раёну Менску капітан юстыцыі Яўген Бабак, зь якім сядзеў у ІЧУ, а потым больш чым паўгода ў адной камэры СІЗА, і іншыя прадстаўнікі пракуратуры і Сьледчага камітэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працяг суду над лідэрамі «Вясны»: праваабаронцы зноў прасілі зьняць зь іх кайданкі, суд адмовіўА тым часам катаваньні працягваюцца. Людзі, якія трапляюць у СІЗА, расказваюць пра тое, што ў нас адбываецца ў ІЧУ на Акрэсьціна, як у людзей выбіваюць паролі, як іх бʼюць электрашокерамі, запіхваюць у двухмесныя камэры па 30 чалавек, і людзі вымушаныя спаць на падлозе без матрацаў, бязь цёплых рэчаў — усё гэта працягваецца. І бараніць гэтых людзей няма каму.
Крызіс унутры краіны, які пачаўся ў жніўні 2020 году, працягваецца. Але паўнавартаснага дыялёгу, як мы бачым, няма і не прадбачыцца. Усё гэта нагадвае, як я ўжо казаў, наша таталітарнае мінулае — са зьездаў КПСС, якіх не абіраюць прамым галасаваньнем… Карацей кажучы, як казаў адзін герой фільму «Покровские ворота»: «Живи и радуйся и делай, что тебе говорят».
Што тычыцца «Вясны», то пагрозы ў наш адрас былі заўсёды, і прычым чамусьці гэта супадала з электаральнымі кампаніямі. Ёсьць у нас такая рацыянальная пазыцыя ў краіне: садзіць тых, хто ўдзельнічаў у выбарах, а цяпер больш шырокае кола: прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці. Так было і ў 2001 годзе, 2006-м, 2010-м і ў 2020-м годзе. «Вясна» была ліквідаваная праз два гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. У 2006-м была сытуацыя падобная да гэтай, калі анансавалі па тэлебачаньні тых, хто дзейнічае без рэгістрацыі, як ворагаў Рэспублікі Беларусь. Потым праходзіў час, зьмяняліся палітычныя ўказаньні, і ўжо ў 2009-м я ўдзельнічаў у дэлегацыі праваабаронцаў, якая сустракалася з тадычаснай першай намесьніцай галавы адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Пяткевіч.
Ніхто за гэты пэрыяд да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ня быў прыцягнуты. А чаму? Таму што нашыя праваахоўныя органы кусаюць толькі па загадзе. Няма загаду — ніхто не кусае.
Я яшчэ раз заяўляю, што мой перасьлед зьвязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасьцю — легітымнай і мірнай. Гэты перасьлед зьяўляецца выключна палітычна матываваным. Але дзейнасьць «Вясны» гэта ніякім чынам ня спыніць. Мы пражылі не дарма жыцьцё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленьні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасьць працягваюць, і яна працягваецца. Ну, а хаду натуральнага жыцьця спыніць немагчыма: пасьля зімы наступае вясна, і вясна прыйдзе незваротна».
Лабковіч: «Успрымаю той тэрмін, які быў запрошаны дзяржаўным абвінаваўцам асабіста для мяне, як непераадольны»
Коратка з апошнім словам выступіў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзь Лабковіч:
«Я не займу шмат часу, бо я даволі шмат выказваўся па гэтай справе як падчас папярэдняга сьледзтва, так і на працягу ўсяго суду. Я ўспрымаю той тэрмін, які быў запрошаны дзяржаўным абвінаваўцам асабіста для мяне, як непераадольны. І на дадзены момант усе мае думкі цяпер з маёй сямʼёй: з маёй маці, дзецьмі, якіх завуць Адэля, Адам і Ян, з маёй жонкай Нінай, якая прайшла празь вялікія выпрабаваньні за ўвесь гэты час. І да выступаў маіх абаронцаў мне няма чаго дадаць па гэтай справе, і іх пазыцыю я падтрымліваю. Дзякуй».
Прысуд па «справе „Вясны“» будзе абвешчаны 3 сакавіка ў 12:00 у адкрытым рэжыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прысуд можа быць толькі апраўдальным», — адвакаты фігурантаў справы «Вясны»- Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Гэта 553 дні.
- У крымінальнай справе 284 тамы. Гэта рэкордныя лічбы для палітычных спраў у Беларусі.
- На азнаямленьне з крымінальнай справай абвінавачаным далі месяц. Алесь Бяляцкі заявіў, што не пасьпеў азнаёміцца з 70 тамамі справы. Але суд палічыў, што месяца на гэта было дастаткова.
- У справе праходзяць каля 100 сьведак.
- У межах крымінальнай справы вясноўцаў было праведзена 120 ператрусаў.
- За адно паседжаньне ў судзе заслухалі 27 тамоў крымінальнай справы.
- Мытнікі заявілі, што нібыта з 2011 па 2021 год «у інтарэсах „Вясны“» ў Беларусь было ўвезена 2 мільёны даляраў. Крымінальная адказнасьць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкляраваньня была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты пэрыяд. «Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачваньне будзе пацьвярджаць іх», — пісала «Вясна».
- Праваабаронцам пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.