Блізкі да ПВК «Вагнер» тэлеграм-канал Grey Zone апублікаваў відэа, як мяркуецца, яшчэ адной пазасудовай расправы над расейскім зьняволеным, які, як сьцьвярджаецца, паехаў на вайну з Украінай у складзе ПВК, але затым добраахвотна здаўся ў палон украінскім войскам.
На кадрах, сапраўднасьць якіх пакуль ня вызначана, меркаваная ахвяра забойства прадстаўляецца Дзьмітрыем Я., ураджэнцам Крыму.
Гледзячы ў камэру, ён расказвае, што адправіўся на перадавую з турмы, але потым зразумеў, «што гэта не ягоная вайна». Далей ён сьцьвярджае, што, знаходзячыся ва ўкраінскім горадзе Дніпро, атрымаў удар па галаве й страціў прытомнасьць, а ачуўся ўжо ў сутарэньні, дзе яму сказалі, што »будуць судзіць».
Увесь гэты час за сьпіной Якушчанкі стаіць чалавек з кувалдай у руках, твар яго схаваны. У канцы відэа ён б’е зьняволенага зброяй некалькі разоў, як мяркуецца, па галаве – у гэты час кадры відэа размытыя, і дакладна гэтага не відаць.
Расейская служба Бі-бі-сі адзначае, што ў роліку тэлеграм-канала Grey Zone, акрамя сцэны меркаванага забойства, дадзены фрагмэнты інтэрвію Якушчанкі, якое ён даваў яшчэ ў лістападзе мінулага году, калі й здаўся ў палон УСУ. Тады зьняволены расказваў, што быў асуджаны на 19 гадоў у Крыме, які яшчэ знаходзіўся пад кантролем Украіны, але пазьней быў пераведзены ў калёнію гораду Энгельса Саратаўскай вобласьці. Там ён быў завэрбаваны ў склад ПВК «Вагнэр».
Якушчанка таксама расказваў, што, яшчэ не адправіўшыся на фронт, плянаваў «знайсьці якую-небудзь шчыліну» і »проста зьбегчы». У выніку ён ажыцьцявіў свой плян у раёне ўкраінскага гораду Бахмуту, дзе ідуць адны з самых лютых баёў з пачатку вайны. У тым жа інтэрвію зьняволены выказваў надзею на тое, што Крым вернецца ў склад Украіны.
У тэлеграм-канале Grey Zone Якушчанка назвалі «здраднікам», які, «як і яго калега Яўген Нужын, прачнуўся ў падвале на сваім апошнім судовым пасяджэньні». Як ён птрапіў у склеп з тэрыторыі пад кантролем Украіны, не тлумачыцца.
Пазьней заявілі, што гэта была пастаноўка
Прэс-служба Прыгожына апублікавала відэа з чалавекам, ролік з пакараньнем якога раней размясьціў тэлеграм-канал, зьвязаны з «ЧВК Вагнера». На ім мужчына жывы.
На запісе чалавек, які ў раней апублікаваных відэа называў сябе Дзьмітрыем Я., сядзіць на фоне бэтоннай сьцяны. Дзе менавіта зьнята відэа, незразумела.
На відэа мужчына дзякуе «ПВК Вагнэра» за «магчымасьць выправіць свае памылкі» і кажа, што яму сорамна за тое, што ён у палоне нагаварыў. Чалавек на відэа таксама распавядае, што «прынёс шмат каштоўнай інфармацыі, якая выратавала жыцьцё шматлікім хлопцам, таму яму даравалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПВК «Вагнэра» пакарала сьмерцю былога зьняволенага, які перайшоў на бок Украіны