Краіны ЭЗ за мінулыя суткі не дазволілі нелегальна трапіць да сябе 55 мігрантам з тэрыторыі Беларусі

Польскі вайсковец на мяжы зь Беларусьсю, архіўнае фота

За мінулыя суткі краіны Эўрапейскага зьвязу не дазволілі 55 мігрантам нелегальна трапіць на сваю тэрыторыю з тэрыторыі Беларусі (днём раней — 81), паведамляе BPN.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 11 лютага на літоўска-беларускім памежжы зафіксавалі 5 спробаў незаконнага пранікненьня (суткамі раней — 28).

Літоўскае ведамства са спасылкай на калегаў з Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі адзначыла, што ў папярэдні дзень не было папярэджана спробаў нелегальнага пераходу беларуска-латвійскай мяжы (за суткі да гэтага — 26).

Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі з боку Беларусі мяжу спрабавалі перасекчы 50 замежнікаў — грамадзяне Емену, Іраку, Сырыі, Афганістану (за дзень да гэтага — 27).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыцьцё пераходу Баброўнікі — Бераставіца. Апошнія гадзіны працы. ВІДЭА

З пачатку 2023 года зафіксавана 2.761 спроба незаконнага пранікненьня ў ЭЗ з беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 1.900, Латвію — 539, Літву — 322).

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.