У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага вынесьлі прысуд тром «рэйкавым партызанам» Дзьмітрыю Клімаву, Уладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу з Бабруйску. Двум першым прызначылі па 22 гады калёніі, а апошняму — 1,5 года калёніі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Мінкевіча вызвалілі ад пакараньня часткова тэрмінам на адзін год паводле закону «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». З улікам часу знаходжаньня пад вартай ягонае пакараньне лічыцца адбытым.
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, асуджаныя нібыта былі датычныя да зьнішчэньня дзьвюх рэлейных шаф сыгнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Падчас затрыманьня сілавікі паранілі Дзьмітрыя Клімава.
Дзьмітрыя Клімава і Ўладзіміра Аўрамцава судзілі па пяці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «акт тэрарызму», «здраду дзяржаве» і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Справу ў закрытым рэжыме два тыдні разглядаў судзьдзя Ігар Шведаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скончыліся спрэчкі бакоў у справе «Вясны», 13 лютага падсудныя выступяць з апошнім словам