У Празе беларусы, палякі, літоўцы і чэхі супольна адзначылі 160-ю гадавіну паўстаньня 1863–1864 гадоў. ФОТА

У бібліятэцы імя Вацлава Гавэла ў Празе увечары 9 лютага адбылася ўрачыстая імпрэза, прысьвечаная постаці Кастуся Каліноўскага і яго ўплыву на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы.

Імпрэзу арганізаваў Польскі Інстытут у Празе пры ўдзеле амбасады Літвы і Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы.

У паведамленьні Польскага інстытуту з нагоды падзеі гаворыцца: «У апошнія гады постаць Каліноўскага стала важным сымбалем супрацоўніцтва ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, якой пагражае расейская экспансія. Выяўленьне і дзяржаўнае пахаваньне парэшткаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе стала падставай для вялікай праявы салідарнасьці палякаў і літоўцаў са свабоднымі беларусамі».

Афіцыйнымі выступоўцамі былі прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас, які ўдзельнічаў у выяўленьні і ідэнтыфікацыі парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў 2017 годзе, палітоляг Школы ўсходазнаўства Варшаўскага ўнівэрсытэту доктар Максім Руст і прадстаўнік Асацыяцыі беларускіх вэтэранаў, былы баец палку Каліноўскага Павел Мар’еўскі.

Прафэсар Янкаўскас расказаў, як адбывалася ідэнтыфікацыя парэшткаў паўстанцаў і зь якімі цяжкасьцямі навукоўцы сутыкнуліся. Сярод іншага навуковец расказаў, якія траўмы паўстанцы атрымалі да сьмерці, пэўна, падчас допытаў і катаваньняў — гэта зламаныя рэбры, сківіцы, раны сьпіны.

Прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас

Фрагмэнт прэзэнтацыі Рымантаса Янкаўскаса

Беларускі палітоляг з Варшавы Максім Руст расказаў аб працы праграмы імя Кастуся Каліноўскага і значэньні яго постаці для гісторыі і сучаснасьці трох суседніх краін — Польшчы, Літвы і Беларусі.

Максім Руст (крайні справа)

Былы баец палку Каліноўскага Павел Мар’еўскі расказаў пра свой удзел у вайне ва Ўкраіне, пра матывы свайго рашэньня далучыцца да палку і пра стаўленьне ва Ўкраіне да беларускіх добраахвотнікаў. Мар’еўскі таксама заклікаў чэхаў больш дапамагаць беларусам і ўкраінцам, бо ў выпадку паразы Ўкраіны, сказаў ён, Пуцін прыйдзе і ў Чэхію.

Павел Мар'еўскі (справа)

Вёў імпрэзу чэскі гісторык доктар Пэтр Главачэк.

Пэтр Главачэк

У якасьці ганаровых гасьцей у імпрэзе бралі ўдзел пасол Літвы ў Чэскай Рэспубліцы Лаймонас Талат-Келпша, які сваім выступам адкрыў вечарыну, другая сакратарка амбасады Ўкраіны ў Празе Надзія Малёвана і былы міністар замежных спраў Чэхіі князь Карэл Шварцэнбэрг.

Пасол Літвы ў Чэхіі Лаймонас Талат-Келпша (другі справа) і кіраўніца Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы Крысьціна Шыянок (у цэнтры)

Былы міністар замежных спраў Чэхіі князь Карэл Шварцэнбэрг.

Князь Карэл Шварцэнбэрг.