Колькасьць ахвяр разбуральнага землетрасу ў Турэччыне 6 лютага перавысіла 18 тысяч. Пра гэта заявіў у пятніцу, 10 лютага, віцэ-прэзыдэнт краіны Фуат Актай.
Колькасьць загінулых склала 18 342, колькасьць пацярпелых – 74 242 чалавек. Разбураны 6 444 будынкі.
У суседняй Сырыі, поўнач якой таксама пацярпела ў выніку штуршкоў, колькасьць загінулых складае ня менш за 3480 чалавек, паведамляе Reuters са спасылкай на зьвесткі ўладаў, а таксама экстраных службаў з кантраляванай паўстанцамі часткі краіны.
Сырыйскія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што больш за 298 тысяч чалавек засталіся без жытла.
Па зьвестак САЗ, землятрус мог закрануць каля 23 млн чалавек у Турэччыне і Сырыі, у тым ліку 1,4 млн дзяцей.
Па дадзеных прадстаўнікоў турэцкіх гуманітарных арганізацый, агульная шкода ад землятрусу ў Турэччыне перавысіць чатыры мільярды даляраў. Такую суму раней прыводзіла рэйтынгавае агенцтва Fitch.
У горадзе Адыяман на паўднёвым усходзе Турэччыны пад развалінамі сяміпавярховага гатэлю шукаюць дзьве дзіцячыя валейбольныя каманды, якія прыляцелі зь непрызнанай Турэцкай рэспублікі Паўночнага Кіпра, з Фамагусты.
Разам з настаўнікамі і некаторымі бацькамі іх было 39 чалавек. Знойдзены целы двух пэдагогаў і дзіцяці.
У Сырыі склалася крытычная сытуацыя з дастаўкай гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя ад землятрусу рэгіёны — з прычыны дрэнных дарог і праблем зь лягістыкай. 9 лютага шэсьць грузавікоў праехалі праз кантрольна-прапускны пункт Баб-эль-Хава ў Ідлібе. Ратавальнікі паведамляюць, што тут загінулі сама меней 1900 чалавек. Сотні сем’яў апынуліся ў пастцы пад рэшткамі будынкаў.
Паводле зьвестак сырыйскага агенцтва SANA, у пацярпелую правінцыю Латакія партыю харчаваньня ў экстранным парадку даставілі з авіябазы Хмеймім расейскія вайскоўцы.
- Землятрус магнітудай 7,8 на паўднёвым усходзе Турэччыны і ў паўночна-заходняй Сырыі адбыўся ў ноч на 6 лютага ў выніку сутыкненьня Аравійскай пліты з Усходне-Эўрапейскай плятформай. Яшчэ адзін землятрус, магнітудай 7,7, адбыўся ў цэнтральнай частцы Турэччыны ў той жа дзень. У краіне да 12 лютага абвешчаная нацыянальная жалоба.
- Тысячы жыхароў пацярпелых гарадоў засталіся без жыльля, разбураныя тысячы будынкаў, у тым ліку шпіталі, школы і шматкватэрныя дамы.
- Больш за 12 000 ратавальнікаў са службаў па надзвычайных сытуацыях і 9000 вайскоўцаў занятыя на расчыстцы завалаў і пошуку тых, хто выжыў і хто загінуў.
- Выратавальныя каманды і мэдыкі прыбылі ў Турэччыну і Сырыю з 70 краінаў. ААН выдзеліла 25 мільёнаў даляраў са свайго надзвычайнага фонду на аказаньне тэрміновай гуманітарнай дапамогі пацярпелым у Турэччыне і Сырыі.