Падставай для закрыцьця пункту пропуску Баброўнікі польскія афіцыйныя асобы назвалі неабходнасьцю гарантаваць грамадзкую бясьпеку. Беларускі бок, у сваю чаргу, ня бачыць аб’ектыўных прычын для закрыцьця пункту пропуску, а названая Варшавай падстава «не адпавядае рэчаіснасьці з прычыны адсутнасьці пагрозы з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
«Пачынаючы з 2020 году, польскія ўлады закрывалі каналы міжнародных зносін пад рознымі прычынамі. У выніку падобных рашэньняў з 6 пунктаў пропуску функцыянавалі толькі 3, што нэгатыўна адбівалася на становішчы па абодва бакі мяжы і прыводзіла да акцый пратэсту польскіх грузаперавозчыкаў, якія фактычна жылі ў чэргах праз запаволенае афармленьне польскага боку.
Пасьля закрыцьця яшчэ аднаго польскага пункту пропуску сытуацыя стане катастрафічнай і можа прывесьці да каляпсу ў памежжы, бо нагрузка на два астатнія пункты пропуску крытычна ўзрасьце. Грузавікі змогуць перасякаць мяжу на польскім кірунку толькі праз пункт пропуску Кукурыкі (Казловічы), а легкавы транспарт — толькі праз пункт пропуску Тарэспаль (Берасьце)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выраку Пачобуту Польшча вырашыла закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў БаброўнікахТаксама ў ДПК заявілі, што ў выніку рашэньня афіцыйнай Варшавы грамадзяне Польшчы, якія прыбываюць у Беларусь па бязьвізавым рэжыме, змогуць уяжджаць толькі праз пункт пропуску Тарэспаль. З пачатку дзеяньня бязьвізавага парадку ўезду ў Беларусі, па зьвестках уладаў краіны, пабывалі каля 26 тысяч грамадзян Польшчы, каля 10 тысяч зь якіх прыбылі праз пункт пропуску ў Баброўніках.
«Рашэньне польскага боку аб закрыцьці яшчэ аднаго каналу міжнародных зносін у рэальнасьці накіравана не на грамадзкую бясьпеку, а на далейшае абвастрэньне сытуацыі на мяжы і абмежаваньне ўзаемных паездак грамадзян», — лічаць у ДПК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памежныя войны»: Чаму Польшча стала ворагам №1 для Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На літоўскім пераходзе будзе каляпс». Беларусы расказалі, што зьменіцца, калі закрыюць БаброўнікіЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.