Прэс-рэліз вытрыманы ў пазытыўным ключы: па кожным з васьмі напрамкаў дзейнасьці пазначаныя толькі дасягненьні. Яны абʼяднаныя ў 39 пунктаў.
Сярод дасягненьняў у сфэры міжнародных адносін (адказны — прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі):
- падрыхтаваны макет агульнаграмадзянскага пашпарта новай Беларусі, вядуцца перамовы аб міжнародным прызнаньні такога дакумэнту;
- Рада Эўропы стварыла кантактную групу па адносінах зь Беларусьсю з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных структур;
- для грамадзянскай супольнасьці Беларусі дапамога ЭЗ павялічана да 31 млн эўра, што на 1 млн эўра больш, чым у папярэднім бюджэтным годзе.
У адносінах з Украінай (адказны — Кавалеўскі):
- наладжана сталае супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі ўстановамі Ўкраіны па профільных кірунках дзейнасьці;
- з Нацыянальным банкам Украіны ўзгоднены альгарытм спрошчанай падачы заявак на разблякіроўку рахункаў беларускіх грамадзян у мясцовых банках.
У пытаньнях фармаваньня сілавога блёку (адказныя — прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык, прадстаўнік па аднаўленьні законнасьці і правапарадку Аляксандар Азараў):
- сфармавана каманда, у яе склад увайшлі ў тым ліку афіцэры Ўзброеных сіл Беларусі;
- распачата рэалізацыя пляну матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне;
- у некалькіх гарадах Польшчы і Літвы створаны харугвы, пачало працаваць «Паспалітае рушэньне», у межах гэтых спартыўных добраахвотных аб’яднаньняў адбываецца «кансалідацыя беларусаў, фізычная і тэарэтычная падрыхтоўка»;
- падрыхтаваныя групы спэцыяльнага прызначэньня, якія ўзмацнілі патэнцыял пляну «Перамога»;
- выпушчана 12 расьсьледавальніцкіх відэафільмаў, у аснову якіх леглі доказы злачынстваў рэжыму;
- вэрыфікавана 380 грамадзян Беларусі для забесьпячэньня бясьпекі дзейнасьці дэмакратычных сілаў.
У сфэры санкцыйнага ціску на рэжым (адказны — Павал Латушка):
- у ЭЗ і ЗША перададзена прапанова аб неабходнасьці гарманізацыі санкцый у дачыненьні да Расеі і рэжыму Лукашэнкі;
- установам ЭЗ перададзена інфармацыя пра спосабы абыходу санкцый рэжымам, дадзены рэкамэндацыі па прадухіленьні такіх спробаў;
- падрыхтаваны прапановы з абгрунтаваньнем на ўвядзеньне пэрсанальных санкцый супраць 340 асобаў, якія служаць рэжыму.
У пытаньні крымінальнага перасьледу асобаў, адказных за рэпрэсіі і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны (адказныя — Латушка і Азараў):
- накіраваны звароты ў дзяржаўныя органы Літвы, Чэхіі, Украіны з абгрунтаваньнем неабходнасьці прызнаньня КДБ і ГУБАЗіК МУС Беларусі тэрарыстычнымі арганізацыямі, Сэйм Літвы прыняў рэзалюцыю, якая менавіта так вызначае іх;
- праведзена міжнародная канфэрэнцыя «Мэханізмы ўнівэрсальнай юрысдыкцыі ў краінах Эўропы», якая падсумавала досьвед працы дэмакратычных сіл на гэтым напрамку, вызначыла прыярытэты дзейнасьці на бліжэйшы час.
У пытаньні транзыту ўлады (адказны — Латушка):
- Распачаты праект «Кадравы рэзэрв для новай Беларусі», апрацавана 170 заявак на навучаньне, 17% зь якіх падалі асобы, якія працуюць у дзяржаўным сэктары, сфармаваны плян пілётнай адукацыйнай праграмы.
У пытаньні дапамогі палітвязьням (адказная — прадстаўніца па сацыяльных пытаньнях Вольга Гарбунова):
- распачата стварэньне міжнароднага фонду для рэабілітацыі рэпрэсаваных;
- працоўная група па каардынацыі дапамогі палітзьняволеным дапамагла забясьпечыць больш эфэктыўную падтрымку 15 чалавек;
- распачата падрыхтоўка да магчымых перамоў з рэжымам па пытаньні вызваленьня палітзьняволеных, кабінэт «гатовы пачаць перамовы па гэтым пытаньні ў выпадку, калі рэжым спыніць рэпрэсіі».
У сфэры нацыянальнай культуры і адукацыі (адказная — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык):
- Польшча і надалей будзе прызнаваць беларускія дыплёмы і пасьведчаньні аб адукацыі, нягледзячы на скасаваньне рэжымам адпаведнага пагадненьня ў аднабаковым парадку;
- атрымана згода на стварэньне сеткі беларускіх школ выходнага дня на тэрыторыі Польшчы;
- заснаваны Інстытут беларускай кнігі, які будзе вырашаць задачы па разьвіцьці беларускай кніжнай справы насуперак рэпрэсіўным захадам рэжыму;
- АПК абвясьціў 2023 год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэньня з мэтай падтрымкі і разьвіцьця нацыянальнай мовы і культуры.