Радыё Свабода пачало ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.
У другой частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае пра выгляд Старога гораду ў Менску і пра атмасфэру, якая панавала на Рыбным і Нізкім рынках каля Замчышча.
- 0:44 – пра шэсьць архітэктурных дамінантаў Старога гораду
- 2:32 – чаму шараговая гістарычная забудова ня менш важная, за архітэктурныя дамінанты: касьцёлы, цэрквы, палцы і замкі
- 6:08 – які стары Менск, якога часу варта было б аднавіць сёньня
- 8:33 – пра чатыры самыя важныя менскія пажары ў дарэвалюцыйнай гісторыі гораду
- 10:37 – дзе на Замчышчы стаяў будынак, у якім магла быць друкарня Каліноўскага
- 16:08 – дзе ў Менску знаходзіцца самы стары мураваны жылы дом
- 17:29 – што сабой уяўлялі рамесьніцкія цэхі Менску ў ХІХ стагодзьдзі
- 21:02 – якой была вулічная атмасфэра Старога гораду
- 23:20 – як пра Менск пісалі расейскія падарожнікі
- 26:48 – якія мясцовыя стравы і алькагольныя напоі прадавалі на Нізкім рынку
- 27:39 – да якіх часоў Стары горад захоўваў сваю гандлёвую спэцыфіку
Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:
— У Старым горадзе не было выразных архітэктурных дамінантаў. Чаму ты вырашыў засяродзіцца менавіта на шараговай гарадзкой забудове? Можа таму, што яна ня менш за архітэктурныя дамінанты вызначае твар гораду?
— Так, менавіта таму. І ў кнізе я спэцыяльна пра гэта пішу. Вядома, у нас быў выразны цэнтар — Верхні рынак (Верхні горад), дзе былі і палацы, і мяшчанская забудова, і саборы, і кляштары. Калі б ён захаваўся і быў цалкам адрэстаўраваны, гэта было б нешта пышнае — такі простакутны рэнэсансны рынак.
Але ўявім сабе адсутнасьць шараговай мяшчанскай забудовы. Атрымаецца, што стаяць толькі храмы. У гэтым выпадку любая дамінанта застаецца без кантэксту. А што мы сёньня любім і цэнім, калі езьдзім у старыя гарады Эўропы, у тую ж Вільню? Мы ня толькі аглядаем саборы, мы ідзем па вузкіх вулках, ходзім па крамках і кавярнях у гэтых мурах. Страшна прыемна пабываць у старых дворыках, якія зьвязаныя паміж сабой вузкімі праходамі і аркамі. І гэта тое, што называецца шараговым гарадзкім асяродзьдзем. Яно стварае кантэкст для дамінантаў і завязвае на іх усю гарадзкую прастору.
Шараговая забудова таксама стварае камэрнасьць, па якой мы тужым, бо ня маем яе ў новым, пасьляваенным Менску.
Так што гэта такі неразрыўны комплекс. І менавіта Стары горад у Менску, як пісаў Сыракомля, нагадваў сабой старыя часы і старыя звычаі. І Мікола Касьпяровіч, гісторык і краязнавец 1920-х гадоў, пісаў, што калі спусьціцца на Нізкі рынак і прыбраць шыльды з крамаў, то адразу можна адчуць сябе ў XVI — XVIІ стагодзьдзях.
Так што гэта была вельмі важная частка гораду, важная і для мяне асабіста, таму пра яе варта было напісаць.
Тым больш, што і гістарычнае яе значэньне не малое. Там адбылося шмат даволі значных для беларускай гісторыі падзей. Напрыклад, у 1514 годзе, за некалькі дзён да Аршанскай бітвы кароль Жыгімот І Стары прымаў у Менскім замку парад войскаў Канстанціна Астроскага, якія адразу з параду пайшлі пад Воршу.
Таму ў кнізе я напісаў, што гістарычная каштоўнасьць Старога гораду цалкам сувымерная з мастацкай каштоўнасьцю Верхняга гораду. Яны адэкватна дапаўнялі адна адну.
— Менск ня раз зьнішчаўся амаль дашчэнту. Фактычна, Менскаў было некалькі, якія зьнікалі і нараджаліся з нуля. Менск, як мітычны Пратэй, увесь час адраджаўся і адраджаўся, кожны раз фактычна цалкам мяняючы свой твар. Калі б мы хацелі аднавіць той замак, пра які ты кажаш, дык нават невядома, як ён выглядаў. Які з твараў Менску мы сабе ўяўляем, калі гаворым пра Стары горад?
— Аднойчы мяне спыталі, у якім выглядзе, паводле стану на які час варта было б аднавіць Стары горад, цалкам рэгенэраваць? Я адказаў, што паводле стану на 1917 — 1918 гады. Калі б наш Менск паводле стану на той час захаваўся цалкам, то мы б сёньня мелі другую Вільню, дарэчы, і не нашмат меншую паводле памераў.
А калі адказваць на тваё пытаньне, дык трэба сказаць вось што. Калі не лічыць часы Менскага княства ХІ — XІV стагодзьдзяў, калі не было яшчэ мураванай забудовы, Менск ніколі ня быў сталіцай — ён быў цэнтрам ваяводзтва. Адпаведна, у ім не было столькі значных пабудоваў, як у той жа Вільні, ці ў Празе, дзе мы цяпер знаходзімся. Гэта па-першае. Па-другое, Менск мураваны пачаўся ў другой палове XVI стагодзьдзя, калі ў горадзе пачалі зьяўляцца мураваныя будынкі — ратуша, храмы, кляштары і мяшчанскія дамы. [...]
— Што сабой уяўлялі рамесьніцкія цэхі Менску ў ХІХ стагодзьдзі? Які быў іх склад, якая колькасьць?
— З таго часу, як Менск у канцы XV стагодзьдзя атрымаў Магдэбурскае права, гэта быў купецка-рамесьніцкі горад, горад цэхаў. Ня ўсе ведаюць, што цэхі захоўваліся і ў часы Расейскай імпэрыі. Яны не былі ліквідаваныя, іх скасавалі толькі (увага!) у 1901 годзе.
Значыцца, у ХІХ стагодзьдзі асабліва ў яго першай палове па Менску хадзілі цэхавыя шэсьці з харугвамі, адбываліся экзамэны на выраб «штукі». Пад канец ХІХ стагодзьдзя ў Менску налічвалася больш за 40 цэхаў. За ХІХ стагодзьдзе зьмяніўся іх нацыянальны склад, пад канец стагодзьдзя ў цэхах ужо дамінавалі габрэі. Знаходжаньне ў складзе цэху давала права выезду за рысу аселасьці.
І вось чаму я пішу пра менскія цэхі. Бо гэта былі вельмі кансэрватыўныя структуры і, адпаведна, яны несьлі нейкія архітэктурныя традыцыі. Калі мы глядзім на Стары горад, то бачым будынкі, якія Сыракомля называў «не прэтэнцыёзнымі». Калі ж мы глядзім на верхнюю частку гораду, на Новы горад і навакольлі Захар’еўскай вуліцы, то бачым там быдынкі ў стылі мадэрн, пасьля ў рэтраспэктыўных стылях з элемэнтамі нэаготыкі, нэабарока, быў там і маўрытанскі стыль.
На Замчышчы жылі менш заможныя людзі, якія не маглі сабе дазволіць модных архітэктараў, таму там будавалі цэхі — іх дамы ў першай палове ХІХ стагодзьдзя, а, часам, і ў другой, нагадвалі сабой яшчэ формы XVІІІ стагодзьдзя. І аркі былі скляпеністыя і першыя паверхі, часта, таксама. Ну а што тычыцца бытавой культуры, то прыбіральні ў Старым горадзе былі, вядома, на вуліцы.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.
Your browser doesn’t support HTML5
Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:
- Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
- Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.