Паліцыя Нэапаля затрымала беларуса на запыт беларускіх уладаў. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць беларускага рэжыму ў Польшчы, але ня быў у Беларусі пяць гадоў, піша MOST.
З 2018 году беларус Уладзіслаў жыў і працаваў у Польшчы. 8 лютага 2023 году разам жонкай ён паехаў у Нэапаль, каб адзначыць дзень нараджэньня. Увечары ў гатэлі яго затрымала італьянская паліцыя на запыт беларускіх уладаў. Падставай для затрыманьня паслужыў вышук у Беларусі. Справай займаецца Інтэрпол.
Сяброўка сям’і распавяла «Медиазоне» падрабязнасьці здарэньня. Паводле яе, Уладзіслава затрымалі ў арандаваных на Booking апартамэнтах. Празь некалькі гадзін ён патэлефанаваў жонцы і расказаў, што ў яго ўзялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі і вязуць у турму.
У галоўным аддзяленьні паліцыі Нэапаля Аляксандры растлумачылі, што пусьціць да мужа яе ня могуць, бо ў іх няма пацьверджаньня, што пара насамрэч знаходзіцца ў шлюбе. Аляксандра спрабавала растлумачыць італьянскай паліцыі, што Ўладзіслава нельга экстрадаваць у Беларусь, бо гэта «можа быць палітычнай справай». На гэта ў паліцыі адказалі, што хлопца могуць экстрадаваць і ў Варшаву. Польскі адвакат, зь якім зьвязалася беларуска, сказаў, што аб перадачы Ўладзіслава ў Польшчу ня можа ісьці гаворкі, бо гэтая краіна «наогул ні пры чым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запатрабаваў 12 гадоў калёніі ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру БяляцкамуВядома, што Ўладзіслаў у 2019 годзе быў сьведкам у крымінальнай справе ў Беларусі. У вышук беларускімі службамі мужчына быў абвешчаны 1 сьнежня 2020 года. Паліцыя Нэапаля паведаміла:
«8 лютага ў раёне пляца Мунічыпіё быў часова арыштаваны 27-гадовы грамадзянін Беларусі з мэтай экстрадыцыі. Быў атрыманы ордэр на арышт, выдадзены беларускімі ўладамі 1 сьнежня 2020 году за махлярства», — паведамляе MOST.
Па словах сяброўкі сямʼі, якую цытуе «Медиазона», у 2021 годзе знаёмых Уладзіслава Гірыса асудзілі па справе аб пастановачным ДТЗ. Група людзей інсцэніравала ДТЗ для атрыманьня страхавых выплат. Сам Уладзіслаў пагадзіўся выступіць у ролі кіроўцы аўтамабіля, па віне якога здарылася аварыя. У прысудзе, фота якога ёсьць у распараджэньні «Медиазоны», сярод абвінавачаных Гірыса няма. Ягонае прозьвішча фігуруе на некалькіх старонках, аднак з дакумэнта не зразумелы ягоны статус па справе.
Інфармацыю аб затрыманьні валянтэры перадалі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выраку Пачобуту Польшча вырашыла закрыць памежны пераход зь Беларусьсю ў Баброўніках