Лукашэнка пакуль ня мае пэўнасьці, ці застанецца ён прэзыдэнтам пасьля 2025 году — палітоляг Рудкоўскі
Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, палітоляг Пётра Рудкоўскі адказвае на пытаньне, навошта Лукашэнку спатрэбілася кіроўная партыя, аналізуе, ці сьведчыць гэта пра новую вагу чыноўнікаў, і прагназуе, колькі партый застанецца пасьля перарэгістрацыі.
Сьцісла:
- Пэўнае поле манэўру ў Лукашэнкі застаецца, ён не дазволіў ані прарасейскую партыю, ані «Бесьсьмяротны полк» не зарэгістраваў.
- Наяўнасьць «партыі ўлады» можа яму спатрэбіцца, гэта будзе дадатковым інструмэнтам кантролю за палітычнай сытуацыяй у Беларусі.
- Застануцца 3–4 «правільныя» партыі.
- Нарастае ціск унутры сыстэмы з боку тых, хто хоча пераменаў, і гэта можа запусьціць больш сур’ёзныя працэсы.
— «Белая Русь» абвясьціла, што зьбіраецца стаць партыяй. Намэнклятура, якая сабралася ў гэтым грамадзкім аб’яднаньні, даўно хацела пераўтварыць яе ў партыю, але Лукашэнка доўгі час гэтага не дапускаў, казаў, што яшчэ ня час. Але цяпер, як выглядае, даў дазвол. Чаму гэта адбылося і пра што сьведчыць?
— Гэта, відавочна, адно з наступстваў палітычнага крызісу, які пачаўся ў жніўні 2020 году. Гэта выглядае як выкананьне нейкіх унутраных дамоўленасьцяў. Варта прыгадаць адно з выказваньняў Лукашэнкі ў жніўні 2021 году, калі ён двойчы камэнтаваў гэтую тэму. Казаў, што яшчэ ня час ствараць партыю, што ня варта сьпяшацца, але потым дадаў: «Абяцалі — трэба выконваць».
Штосьці падобнае, як і з пытаньнем наконт шляху абраньня прэзыдэнта ў будучыні, калі праскоквала жаданьне, каб не было выбараў, а каб Усебеларускі народны сход прызначаў гэтага прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнку партыя ўлады, а Пазьняку — Рада Бясьпекі— А каму было дадзена гэтае «абяцаньне», на вашую думку? Няўжо беларускай намэнклятуры, якая ніколі ня мела прыкметнай вагі? Можа, гэтае «абяцаньне» было дадзена Маскве?
— Тут можна толькі спэкуляваць. Але ня думаю, што ў гэтым пытаньні Масква адыгрывае нейкую істотную ролю. Можна ўпэўнена казаць, што з боку Масквы было выказана жаданьне, каб былі створаныя ўмовы для зьяўленьня прарасейскай партыі. І яна, сапраўды, пачала стварацца ўжо ўвосень 2020 году (з назвай «Саюз»), — але да гэтага часу зрабіць нейкія нават пачатковыя крокі ў кірунку стварэньня гэтай партыі менскі рэжым не дазволіў.
Гэта лішні раз кажа, што менскі рэжым не зьяўляецца поўным васалам Крамля. Мне больш пасуе мэтафара, што Лукашэнка на павадку, але ўвесь час тузае гэты павадок, і гаспадар разам з гэтым тузаецца. Нейкае поле манэўру ў Лукашэнкі застаецца, і ён ані прарасейскай партыі не дазволіў, ані «Бесьсьмяротны полк» не зарэгістраваў.
— Пра якую трансфармацыю палітычнай сыстэмы сьведчыць пераход «Белай Русі» ў стан палітычнай партыі? Ці сьведчыць гэта пра падвышэньне палітычнай ролі намэнклятуры? Ці азначае, што цяперашняе цалкам аўтарытарнае кіраваньне будзе мяняцца, чыноўнікі будуць мець больш уплыву?
— Вядома, калі б Лукашэнка ня бачыў у гэтым кроку нейкіх плюсаў для сябе — ён бы ня даў на гэта згоды. Можна канстатаваць, што нейкая перабудова і трансфармацыя сыстэмы адбываецца ўжо цяпер. Вядома, яна пазбаўленая ўсялякіх дэмакратычных элемэнтаў і адбываецца без дыялёгу з грамадзтвам. Аднак сам факт прыняцьця новай Канстытуцыі ў лютым 2022 году задае новы фармат улады.
Мяркую, нават сам Лукашэнка пакуль ня мае пэўнасьці, што ён будзе рабіць пасьля 2025 году. Можа, ён паспрабуе пераабрацца зноў прэзыдэнтам, а можа, палічыць гэта надта рызыкоўным і немэтазгодным у новым фармаце ўлады, калі будзе запушчаны УНС зь вялікімі функцыямі. Цалкам магчыма, што ён пойдзе на пасаду старшыні УНС, і пры гэтым сцэнары наяўнасьць «партыі ўлады» можа яму спатрэбіцца, гэта будзе дадатковым інструмэнтам кантролю за палітычнай сытуацыяй у Беларусі. Тэарэтычна ён нават можа ўзначаліць такую партыю пасьля 2025 году, альбо паставіць туды ляяльнага чалавека — гэта будзе такая інвэстыцыя ў палітычную будучыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анонс «замаху на Лукашэнку». Каму і навошта гэта патрэбна— У гісторыі было, калі партыя пры дыктатарах не адбірала ў іх кавалак паўнамоцтваў — а наадварот, дапамагала ажыцьцяўляць уладу. Калі глядзець на сёньняшнюю Расею, то там рэйтынг Пуціна заўсёды быў вышэйшы за рэйтынг партыі «Адзіная Расея», так што яна хутчэй служыць пэўным карысным громаадводам. Чаму Лукашэнка так доўга супраціўляўся гэтай схеме?
— У Лукашэнкі было пачуцьцё сваёй палітычнай выключнасьці, перавагі. Што яму ня трэба ніякіх пасярэднікаў паміж сабой і народам, памочнікаў. Бо сапраўды, ад канца 1990-х, 2000-я гады ягоны рэйтынг, хутчэй за ўсё, быў даволі высокі. І гэта давала яму ўпэўненасьць, што ён можа паводле такой схемы, без памочнікаў, кіраваць.
Відавочна, партыя стабілізуе сыстэму, дазваляе выбіраць новыя кадры, дапамагае абнаўляцца сыстэме. На пэўных этапах Лукашэнка не адчуваў у гэтым патрэбы, але цяпер адчуў.
— Ці будзе гэтая схема нагадваць цяперашнюю «Адзіную Расею», альбо КПСС у Савецкім Саюзе, калі сяброўства ў такой партыі было абавязковае, каб рабіць хоць якую кар’еру?
— У свой час у рамках аднаго з маштабных дасьледаваньняў BISS мы вывучалі беларускую палітычную сыстэму, і я ня здолеў знайсьці дакладных аналягаў лукашэнкаўскай сыстэме ва ўсім пасьляваенным пэрыядзе. Адзіны блізкі аналяг — гэта сыстэма Муамара Кадафі ў Лібіі, дзе той кіраваў сумарна 41 год. І, акрамя некалькі першых гадоў, без дапамогі кіроўнай партыі.
Увогуле, беспартыйныя аўтакраты — гэта даволі рэдка. Нават калі яны і здараюцца, то знаходзяцца пры ўладзе даволі нядоўга. Лукашэнка тут відавочнае выключэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка чакае новых санкцый супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне— На фоне прыняцьця паправак у закон аб партыях відавочна, што большасьць апазыцыйных партый будуць скасаваныя, ня пройдуць перарэгістрацыі. Але колькі партый усяго пакінуць? Ці патрэбныя ім, акрамя галоўнай, праўладнай, яшчэ некалькі — імітаваць дэмакратыю?
— Гайдукевіч у 2021 годзе, у той час, калі гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася, гаварыў пра тое, што застануцца 3–4 «правільныя» партыі. Тут і пытаньне фінансаваньня, і тое, што саму партыю ўлады трэба будзе трымаць пад кантролем, і ўсю партыйную сыстэму. Так што шмат партый мець даволі нязручна.
— Ці можа намэнклятура ўспрыняць стварэньне праўладнай партыі як знак росту сваёй вагі ў палітычнай сыстэме?
— Складана сказаць, што там робіцца ўнутры ўладнай сыстэмы. Але можна здагадвацца, што там ёсьць элемэнты, якія не задаволеныя сытуацыяй. Пакуль, хутчэй за ўсё, сама намэнклятура не зусім разумее, як гэта будзе функцыянаваць — партыя, Усебеларускі народны сход — якія магчымасьці для іх адкрываюцца. Цалкам верагодна, што па аналёгіі з позьнім СССР нарастае ўнутры сыстэмы ціск з боку тых, хто хоча пераменаў, і гэта можа запусьціць больш сурʼёзныя працэсы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пошук «эліксіру неўміручасьці». Чаму Лукашэнка дазволіў «Белай Русі» стаць партыяй