МЗС Польшчы асудзіла вырак Пачобуту, вынесены «судом аўтарытарнай дзяржавы»

Анджэй Пачобут

МЗС Польшчы назвала несправядлівым прысуд журналісту Анджэю Пачобуту і чарговым разам адзначыла, што працягне аказваць падрымку палітзьняволенаму.

«Мы асуджаем несправядлівы прысуд, вынесены судом аўтарытарнай дзяржавы. Анджэй Пачобут — польскі і беларускі патрыёт. Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць яго. Прыйдзе дзень, калі вольны Анджэй Пачобут і беларускія палякі змогуць жыць у свабоднай Беларусі», — заявіў афіцыйны прадстаўнік польскага МЗС Лукаш Ясіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шмат гадоў працаваў у нелегальнай арганізацыі», — дзяржаўныя СМІ з «закрытага суду» над журналістам Пачобутам

Вядомага журналіста і аднаго зь лідэраў Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута абвінавацілі, сярод іншага, у «закліках да санкцый» і «ў зьдзяйсьненьні дзеяньняў дзеля рэабілітацыі нацызму».

Працэс над Анджэем Пачобутам праходзіў у Горадзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі зь невядомых прычын.

8 лютага судзьдзя Дзьмітры Бубенчык прызнаў палітзьняволенага журналіста вінаватым паводле

  • ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў дзеля рэабілітацыі нацызму»);
  • ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»)

і прысудзіў яму 8 гадоў зьняволеньня з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміла БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога асудзілі на 8 гадоў

У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў». Ён за кратамі ўжо больш за паўтара года. Зьняволены мае праблемы з страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Раней паведамлялі, што Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, толькі дыетычныя кашы.

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году разам зь іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасьці, дома ў яго адбыўся шматгадзінны ператрус. З таго часу ён за кратамі: спачатку ў сьледчай турме Жодзіна, пасьля — у СІЗА № 1 Менску, ад верасьня 2022-га — у СІЗА Горадні.

Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіла перад Сэнатам Польшчы з нагоды юбілею пачатку паўстаньня Каліноўскага