Днямі ў публічнай прасторы зьявіўся «стоп-ліст» абсалютна розных выканаўцаў — па стылі, мове песень і краіне паходжаньня, піша BY_culture. У яго трапілі, сярод іншых, Іна Афанасьева, Шэр, «Ляпіс Трубяцкі», гурт «Нэрвы», «Нэйра Дзюбель», «Крамбамбуля», Lady Gaga, Макс Корж, Ларыса Грыбалёва і яшчэ каля 80 выканаўцаў.
Па інфармацыі ініцыятывы BY_culture, гэта сьпіс выканаўцаў, чые песьні забаронена выконваць у Беларусі. Ён быў перададзены ў дзяржаўныя ўстановы, зьвязаныя з арганізацыяй канцэртаў. Магчыма, сьпіс складаўся ў КДБ.
«КДБ заўжды меў дачыненьне да кантролю над эфірнай палітыкай і гастрольнай дзейнасьцю, але адказвала за гэта Адміністрацыя прэзыдэнта. Кажуць, цяпер КДБ кіруе ўсёй ідэалёгіяй у краіне і больш актыўна ўключыўся ў кантроль, каб не дапусьціць вальнадумства», — камэнтуе сытуацыю Сяргей Будкін, кіраўнік @radakultury.
Вядома, што з 1995 году існуюць сьпіс забароны на гастролі музыкаў і сьпіс на эфіры. На думку прамоўтэраў, гэтыя сьпісы шырэйшыя і пастаянна папаўняюцца, але цалкам не апублікаваныя, імі карыстаюцца ідэолягі і кантралёры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад Лукашэнкі цяпер ня так шмат залежыць». Вялікая размова з Уладзімерам Пугачам з J:Морс ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі апублікавалі сьпіс музыкаў, якім забаронена выступаць, бо маюць антываенную пазыцыю. Сярод іх ДДТ, «Бі-2», Земфіра