Дэпутат Бундэстагу ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» таемна наведваў Беларусь

Пэтр Быстран

Нямецкі дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) Пэтр Быстран у канцы 2022 году зьдзейсьніў візыт у Беларусь, утаіўшы гэты факт ад старшыні Бундэстагу і грамадзкасьці.

Як піша нямецкі сайт RND, афіцыйных паведамленьняў пра яго паездку ні Бундэстагу, ні зь беларускага боку не паступала.

Пэтр Быстран вядомы сваімі заявамі супраць паставак зброі Ўкраіне і крытыкай палітыкі Шольца, а таксама Кіева, у прыватнасьці, у сувязі з пазбаўленьнем Віктара Мядзьведчука ўкраінскага грамадзянства.

Вядома, што дэпутат ад AfD меркавана заехаў у Беларусь па сушы зь Літвы празь Меднікі 16 лістапада і вярнуўся назад 19 лістапада. Перасячэньне мяжы Быстранам зафіксавалі і на зваротным шляху.

Літоўскія памежныя ўлады не пацьвярджаюць гэтага афіцыйна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы заручыліся падтрымкай дзяржаўных структур». Што за таямнічую сустрэчу ўкраінцы ладзілі для беларускай апазыцыі ў Румыніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анонс «замаху на Лукашэнку». Каму і навошта гэта патрэбна