Жыхара Ляхавічаў, які камэнтаваў Лукашэнку ў сацсетках, адправілі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне

Малаток у судзе. Ілюстратыўнае фота

Яго дзеяньні кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь) і палічылі «грамадзка небясьпечным дзеяньнем».

Як паведамляе пракуратура Ляхавіцкага раёну, мясцовы жыхар у 2020–2021 гадах пісаў камэнтары пра Лукашэнку ў сацсетках. Яго дзеяньні кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь) і палічылі «грамадзка небясьпечным дзеяньнем».

Згодна з заключэньнем комплекснай судовай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы абвінавачаны мае псыхічныя расстройствы, што пазбаўляла яго магчымасьці ўсьведамляць фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў і кіраваць імі.

Суд Ляхавіцкага раёну прызначыў яму прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары са звычайным назіраньнем.

Як адзначае выданьне Zerkalo, гэта ня першы выпадак адпраўкі на прымусовае лячэньне за камэнтары ў адрас Лукашэнкі.

Апошні такі выпадак здарыўся летась 25 лістапада ў дачыненьніда Аляксандра Кісяля. Яго абвінавачвалі таксама паводле ч. 1 арт. 368 КК. На судзе інтарэсы хлопца абараняла яго маці, якая расказала, што сын з самага нараджэньня знаходзіцца на ўліку ў псыхіятра, зьяўляецца інвалідам 2-й групы пажыцьцёва. Яго таксама адправілі на прымусовае лячэньне.

На прымусовае лячэньне крытыкаў Лукашэнку адпраўлялі і раней. Першы вядомы выпадак быў датаваны ў 2016 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анонс «замаху на Лукашэнку». Каму і навошта гэта патрэбна