Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.
У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага і ягоных калег-праваабаронцаў Уладзімера Лабковіча і Валянціна Стэфановіча. Таксама завочна судзяць вясноўца Дзьмітрыя Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой.
Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Справу вясноўцаў разглядае судзьдзя Марына Запасьнік.
9 лютага адбыліся спрэчкі бакоў. Паводле «Вясны», пракурор Аляксандр Кароль запрасіў фігурантам справы «Вясны» наступныя тэрміны:
- Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў зьняволеньня,
- Уладзю Лабковічу — 9 гадоў зьняволеньня,
- Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў зьняволеньня,
- Дзьмітрыю Салаўёву — 10 гадоў зьняволеньня.
9 лютага у судовых спрэчках з прамовамі выступілі абаронцы Валянціна Стэфановіча і Алеся Бяляцкага, адвакат Уладзі Лабковіча. Заўтра плянуецца заслухаць яшчэ аднаго абаронцу Уладзя і прызначаных сьледзтвам адвакатак Зьмітра Салаўёва, а таксама рэплікі. Магчыма, заўтра заслухаюць апошнія словы праваабаронцаў.
Суд працягнецца 10 лютага ў 10:30.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома аб пракурору, які папрасіў 12 гадоў турмы для нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага- Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Гэта 553 дні.
- У крымінальнай справе 283 тамы. Гэта рэкордныя лічбы для палітычных спраў у Беларусі.
- На азнаямленьне з крымінальнай справай абвінавачаным далі месяц. Алесь Бяляцкі заявіў, што не пасьпеў азнаёміцца з 70 тамамі справы. Але суд палічыў, што месяца было дастаткова на гэта.
- У справе праходзяць каля 100 сьведак.
- У межах крымінальнай справы вясноўцаў было праведзена 120 ператрусаў.
- За адно паседжаньне ў судзе заслухалі 27 тамоў крымінальнай справы.
- Мытнікі заявілі, што нібыта з 2011 па 2021 год «у інтарэсах „Вясны“» ў Беларусь было ўвезена 2 мільёны даляраў. Крымінальная адказнасьць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкляраваньня была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты пэрыяд. «Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачаньне будзе пацьвярджаць іх», — пісала «Вясна».
- Праваабаронцам пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.