Найвышэйшых чыноўнікаў Беларусі рыхтуюць на выпадак надзвычайнай сытуацыі

Аляксандар Вальфовіч

На базе Вайсковай акадэміі пачалі трэнаваць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіраваньня ў захадах для нацыянальнай бясьпекі.

Аб пачатку трэнінгу заявіў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.

«Падчас трэнаваньня будуць адпрацаваныя альгарытмы дзеяньняў дзяржаўных органаў у розных умовах — ад надзвычайнай сытуацыі да контратэрарыстычнай апэрацыі. У нас кампактная дзяржава, і ўсе дзяржаўныя органы павінны дзейнічаць зладжана, умець апэратыўна прымаць рашэньні ва ўмовах абмежаваньня ў часе і рэсурсах», — цытуе Вальфовіча Міністэрства абароны.

У трэнаваньні 7-9 лютага ўдзельнічаюць адміністрацыя Лукашэнкі, урад, Дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі, розныя міністэрствы і ведамствы, мясцовыя органы ўлады і прадстаўнікі Нацыянальнага сходу. Плянуецца адпрацаваць сыстэму апэратыўнага абмену інфармацыяй, парадак узаемадзеяньня паміж ведамствамі.

«У выпадку нястачы сілаў і сродкаў у адных дзяржаўных органах неабходна кампэнсаваць іх магчымасьцямі іншымі. Трэба быць гатовымі да любога разьвіцьця сытуацыі. А гэта дасягаецца толькі трэнаваньнямі ва ўмовах, максымальна набліжаных да рэальных», — сказаў Вальфовіч.

6 лютага Міністэрства абароны аб’явіла раптоўную праверку баявой гатоўнасьці ў Вайсковай акадэміі, а КДБ 7 лютага зьбіралася пачаць контратэрарыстычныя вучэньні ў Клічаўскім раёне. Гэтыя вучэньні плянаваліся на два дні. Сцэнар вучэньняў прадугледжвае ўдзел вайсковай тэхнікі, КДБ папярэджвае аб магчымых абмежаваньнях руху транспарту. Падобныя вучэньні праводзяць трэці раз за гэты год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ, Мінабароны, МУС правядуць антытэрарыстычныя вучэньні ў Клічаўскім раёне Магілёўшчыны

Раней Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі паведаміў, што з 5 студзеня пачалася праверка гатоўнасьці дзяржаўных органаў рэагаваць на акты тэрарызму. Вучэньні тады праходзілі ў Менскай і Віцебскай абласьцях.

Два месяцы назад у Беларусі праходзіла праверка гатоўнасьці дзяржаўных органаў рэагаваць на тэракты. Яна праводзілася пад кіраўніцтвам Савету бясьпекі 7–8 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі скончыліся сумесныя з Расеяй лётна-тактычныя вучэньні