Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 20 чалавек, зараз іх у Беларусі 1450, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», піша BPN.
Адпаведны статус атрымалі асуджаныя па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу:
- Міхаіл Кудлач (2 гады пазбаўленьня волі),
- юрыст Яўген Папакуль (1 год),
- экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2020 году Андрэй Дзьмітрыеў,
- рэпэтытар Яўген Лівянт з жонкай Юліяй Лівянт, дачкой Ганнай Лівянт і зяцем Мікітам Драздом, калега Лівянта і саўладальнік адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Аляксей Іваноў,
- культуроляг, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Аксана Зарэцкая,
- маці палітвязьняў, музыкаў гурту Litesound братоў Дзьмітрыя і Ўладзімера Каракіных Вольга Каракіна,
- віцебскі арт-мэнэджар і музыкант Уладзімер Булаўскі,
- актор тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» Андрэй Трызубаў,
- асьпірант гістарычнага факультэту БДУ Юры Ўласюк,
- блогер Іван Марозаў,
- Ілона Зайцава, Ганна Кавалёва, Ала Новікава, Васіль Шалькевіч.
- Таксама палітвязьнем прызнаны Андрэй Карпенка, асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта) КК.
Адпаведную заяву, акрамя «Вясны», падпісалі Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЭН, Прававая ініцыятыва, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, ініцыятывы Lawtrend і Human Constanta.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачка палітзьняволенай Касьцюговай расказала, як жыць, калі рэжым забірае сям’ю. ВІДЭА