Нарвэгія абвясьціла плян дапамогі Ўкраіне на $7 мільярдаў. Хто іх атрымае

Юнас Гар Стэрэ

Урад Нарвэгіі распрацаваў пяцігадовы плян дапамогі Ўкраіне абʼёмам 75 мільярдаў крон — гэта больш за сем мільярдаў даляраў. Па словах прэмʼер-міністра Нарвэгіі Юнаса Гар Стэрэ, кожны год Украіна будзе атрымліваць транш у 15 мільярдаў крон.

У 2023 годзе палова гэтай сумы пойдзе на пакрыцьцё ваенных патрэб, другая палова — на гуманітарную дапамогу.

Стэрэ заявіў агенцтву Reuters, што гэта найбуйнейшая ў гісторыі Нарвэгіі праграма дапамогі іншай краіне. Ён таксама сказаў, што фінансаваньне будзе разьмяркоўвацца адпаведна прыярытэтам, абазначаным украінскім урадам, але не абавязкова пераводзіцца менавіта дзяржаўным інстанцыям, каб пазьбегнуць пагрозы карупцыі. Траншы на гуманітарныя патрэбы могуць паступаць непасрэдна арганізацыям, якія працуюць у гэтай галіне.

Плян трэба зацьвердзіць парлямэнту Нарвэгіі ў бліжэйшыя тыдні. Галоўная апазыцыйная партыя ў парлямэнце — Кансэрватыўная — ужо заявіла, што падтрымае праект.

Нарвэгія — другі па значнасьці (пасьля Расеі) вытворца нафты ў Эўропе. У 2022 годзе яна стала найбуйнейшым пастаўшчыком газу ў Эўразьвяз, пасьля таго як пастаўкі расейскага газу скараціліся практычна да нуля. Паступленьні ў Нацыянальны фонд дабрабыту Нарвэгіі ад экспарту энэрганосьбітаў склалі летась 108 мільярдаў даляраў, амаль у тры разы перакрыўшы мінулы рэкорд 2008 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Луганшчыны паказалі цалкам зьнішчаны пасёлак і заявілі, што расейскі снайпэр застрэліў яго апошнюю жыхарку