На беларускім рынку неўзабаве зьявяцца аўтамабілі іранскай кампаніі Saipa. На гэты момант вырашаецца пытаньне з сэртыфікацыяй машын, пра што Av.by паведаміў прадстаўнік ТАА «Лакі Кэрэнсі». Гэтае таварыства — афіцыйны дыстрыбутар Saipa на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў суседняй Расеі.
Кантракт заключылі 25 студзеня, і ўжо праз 3–4 месяцы іранскія аўтамабілі маюць паступіць на беларускі рынак.
Saipa створана ў 1965 годзе. Спачатку яна зьбірала аўтамабілі Citroen па францускай ліцэнзіі, затым іранцы выпускалі Renault, Nissan, Kia і кітайскія мадэлі легкавікоў, паралельна распрацоўваючы ўласныя машыны. З 2007 па 2019 гг. кампанія вырабляла Renault Logan першага пакаленьня, які меў абазначэньне Tondar 90.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі дылер МАЗ вырашыў адмовіцца ад прадукцыі беларускага прадпрыемстваНа беларускі рынак іранскі брэнд рыхтуе тры мадэлі: хэтчбэк Quik, сэданы Saina і Shahin. Апошні па габарытах супастаўны з Kia Rio і Volkswagen Polo. У аснове мадэлі — плятформа Toyota B, якая выкарыстоўвалася пры распрацоўцы Toyota Yaris другога пакаленьня (2005–2013 гг.) і шэрагу іншых кампактных аўто японскага брэнду.
Падрабязнасьці аб аснашчэньні і цэнах мадэляў Saipa для Беларусі абвесьцяць бліжэй да старту продажаў.
Продажы аўтамабіляў у Беларусі істотна ўпалі
Сёньня Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА) паведаміла, што ў гадавым вымярэньні продажы легкавых аўтамабіляў у Беларусі зьнізіліся адразу на 67%. За студзень у Беларусі прадалі 756 легкавых аўтамабіляў — на 67% менш, чым у студзені 2022 году (2290).
У адносінах да сьнежня мінулага году беларускі аўтарынак у студзені 2023-га зьнізіўся на 46%.
З чэрвеня 2022 лідэр продажаў у краіне — Geely. На другой пазыцыі LADA, на трэцім JAC.
«Глыбіня падзеньня» рынку новых легкавых аўтамабіляў «сьведчыць пра заўчаснасьць надзей на пачатак аднаўленьня продажаў», — лічыць старшыня праўленьня БАА Сяргей Варывода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі аўтарынак у 2022 годзе скараціўся амаль у 3 разыАсноўным канкурэнтам для рынку легкавых аўтамабіляў, якія вырабляюцца ў краіне і ўвозяцца афіцыйнымі дылерамі, па-ранейшаму застаецца «неарганізаваны рынак увозу аўтамабіляў фізычнымі асобамі з выкарыстаньнем заканадаўчых ільгот».
«Гэты ўвоз перашкаджае і прыходу на дылерскі рынак новых кітайскіх, іранскіх і іншых аўтавытворцаў з прычыны адсутнасьці спрыяльнага канкурэнтнага асяродзьдзя», — падкрэсьліў Варывода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Машыну прадаў даражэй, чым купіў». Што адбываецца на рынку аўтамабіляў у Беларусі