Мінабароны паведаміла аб мадэрнізацыі тэхнікі з улікам досьведу вайны РФ супраць Украіны. Якое расейскае ўзбраеньне зьявілася

С-400 

Ва Ўзброеных сілах Беларусі «на аснове вопыту вядзеньня спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ВС Расеі ва Ўкраіне» праведзена «аснашчэньне легкавых аўтамабіляў павышанай праходнасьці модульнымі агнявымі ўстаноўкамі з прымяненьнем буйнакалібэрных кулямётаў і супрацьтанкавых ракетных комплексаў».

Пра гэта заявіў «ВоенТВ» 5 лютага першы намесьнік начальніка ўзбраеньня УС Беларусі генэрал-маёр Андрэй Федзін.

Паводле яго слоў, «на працягу апошняга года ва Ўзброеныя сілы пастаўлены шэраг сучасных узораў ваеннай тэхнікі»: «З узораў айчыннай вытворчасьці хацелася б выдзеліць радыёрэлейную станцыю Р-414МБРП, праграмна-апаратныя комплексы „Кондар“, комплекс радыёманіторынгу паветранага становішча „Рагнеда“, сучасныя сродкі разьведкі, назіраньня, прыцэльваньня, апаратна-праграмныя комплексы барацьбы зь бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі».

Паводле яго слоў, таксама ў войскі паступіла ўзбраеньне расейскай вытворчасьці: бронетранспарцёры БТР-82А, батарэя зэнітнага ракетнага комплексу «Тор-М2», на баявое дзяжурства пастаўлены палкавы камплект зэнітнай ракетнай сыстэмы С-400 і апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр».

Федзін сьцьвярджае, што дзяржавы, якія мяжуюць з Беларусьсю, «пастаянна нарошчваюць тэмпы і маштабы ўзбраеньня»: «Мы гэтую сытуацыю адсочваем, трымаем руку на пульсе. У існуючым становішчы мы павінны адэкватна рэагаваць на разьвіцьцё сыстэм узбраеньня ў замежных дзяржавах шляхам супрацьпастаўленьня ім магчымасьцей і здольнасьцей. У аснове працы ляжыць прынцып разумнай дастатковасьці».

  • Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і кіраўніцтва Беларусі называюць поўнамаштабную вайну супраць украінскага народа, якую РФ пачала 24 лютага мінулага года. Разам з тым часам Лукашэнка наўпрост называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
  • Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расея выкарыстоўвае Беларусь як рэсурсава-трэнавальную базу