З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 460 дзяцей, колькасьць параненых набліжаецца да тысячы

Дзіцячая цацка каля зруйнаванага жылога дому ў Барадзянцы, красавік 2022 году

Колькасьць дзяцей, якія загінулі ва Ўкраіне ў выніку расейскай агрэсіі, узрасла да 460, паведаміў Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны 4 лютага.

«Стала вядома, што 31 студзеня ў выніку абстрэлу Бахмута Данецкай вобласьці загінуў 12-гадовы хлопчык», — удакладнілі ў ведамстве.

Яшчэ сама меней 919 дзяцей атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці.

У пракуратуры адзначылі, што прыведзеныя лічбы — не канчатковыя, ідзе праца па іх устанаўленьні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, на акупаваных і вызваленых тэрыторыях.

Паводле зьвестак Офісу генпракурора Ўкраіны, з прычыны бамбардаваньняў і абстрэлаў узброенымі сіламі Расеі ва Ўкраіне пашкоджаныя ўжо 3126 навучальных установаў, 337 зь іх разбураныя цалкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нанесла ракетны ўдар па жылым доме ў Краматорску, ёсьць загінулыя і параненыя

Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека пацьвердзіла 7110 выпадкаў гібелі і 11547 выпадкаў раненьня мірных жыхароў ва Ўкраіне ў выніку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Гэта зьвесткі, сабраныя з 24 лютага да 29 студзеня.

Толькі за студзень (з 1 па 29 студзеня) ведамства зафіксавала 170 выпадкаў гібелі і 506 — раненьняў цывільных ва Ўкраіне.

У арганізацыі адзначаюць, што рэальная колькасьць загінулых значна вышэйшая, паколькі атрыманьне інфармацыі зь некаторых месцаў, дзе працягваюцца інтэнсіўныя баявыя дзеяньні, адбываецца з затрымкай, і многія паведамленьні ўсё яшчэ маюць патрэбу ў пацьвярджэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 15 тысяч чалавек зьніклі бязь вестак падчас расейскага нападу на Ўкраіну