Расея і Ўкраіна правялі чарговы абмен палоннымі. Дадому вярнуліся 116 украінцаў і 63 расейцы

Украінскія вайскоўцы, вызваленыя з палону

Міністэрства абароны Расеі 4 лютага паведаміла аб вяртаньні 63 расейскіх вайскоўцаў у выніку абмену палоннымі. У сваю чаргу ўлады Ўкраіны паведамілі, што дадому вярнуліся 116 украінцаў.

Кіраўнік офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак напісаў, што сярод іх — «абаронцы Марыюпаля, херсонскія партызаны, снайпэры з Бахмуцкага напрамку».

«87 воінаў Ўзброеных сіл Украіны, двое зь якіх — зь Сіл спэцапэрацый. Восем байцоў тэрытарыяльнай абароны, сямёра з Нацгвардыі, шасьцёра з Нацыянальнай паліцыі, пяцёра з Дзяржаўнай памежнай службы, двое з Ваенна-марскіх сіл і адзін прадстаўнік Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацый», — паведаміў ён.

Акрамя таго, па словах Ермака, ва Ўкраіну ўдалося вярнуць целы загінулых замежнікаў-валянтэраў — Крыстафэра Мэцью Пэры і Эндру Тобіяса Мэцью, а таксама цела загінулага ўкраінскага добраахвотніка, які служыў у Францускім замежным легіёне. Яго імя не называецца.

У пасьце Мінабароны Расеі сказана, што сярод вызваленых былі асобы «ўразьлівай катэгорыі», абмен якіх стаў магчымы «дзякуючы пасрэдніцтву кіраўніцтва Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў». Што гэта за катэгорыя і хто да яе адносіцца, у ведамстве не ўдакладнілі.

Дэпутат Дзярждумы Шамсаіл Сараліеў апублікаваў відэазапіс з ваеннапалоннымі расейцамі, якія вярнуліся дадому.