Гомельскі актывіст, былы палітвязень Ільля Міронаў зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі са скаргай на праўладны тэлеграм-канал «Жёлтые сливы» за публікацыю ў канцы лістапада 2022 году матэрыялу «паклёпніцкага характару, у якім у якасьці ілюстрацыі выкарыстоўваліся скрыншоты з яго асабістай старонкі «Укантакце».
Як паведаміла выданьне «Гомель штодзень», тэкст суправаджаўся зьневажальнымі камэнтарамі на адрас Ільлі Міронава. У прыватнасьці, невядомы аўтар выкарыстоўваў такія словы, як «падла», «дармаед», «дэгенэрат», «графаман».
«Вывучыўшы гэты тэлеграм-канал, можна зрабіць выснову пра тое, што пацярпелым ад аўтара канала стаў ня толькі я. У гэтым канале стала публікуюцца паведамленьні з абразамі на адрас людзей, якіх аўтар аб’ядноўвае ў групу „змагары“. Аўтар дыскрэдытуе і ставіць у прыніжальнае становішча пэўную сацыяльную групу грамадзян, тым самым учыняе дзеяньні, накіраваныя на распальваньне варажнечы, нянавісьці і прыніжэньне групы асобаў па прыкмеце прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы», — напісаў Ільля Міронаў.
Гомельскі актывіст перакананы, што такая падача інфармацыі мае прыкметы крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 КК РБ (распальваньне варажнечы), за які прадугледжана пакараньне да 5 гадоў турмы. Таксама, на думку аўтара скаргі, дзеяньні аўтараў каналу можна кваліфікаваць паводле арт. 1 Закону «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму».
Ільля Міронаў патрабуе выдаліць паведамленьне, якое абражае яго і іншых беларусаў, а таксама вынесьці пісьмовае папярэджаньне аўтару праўладнага тэлеграм-каналу.
Хто такі Ільля Міронаў
Гомельскага валянтэра Ільлю Міронава летась асудзілі на 1,5 года папраўчай калёніі і 200 базавых велічыняў штрафу. Паколькі Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА, яго пастанавілі вызваліць у залі суду. Спачатку Ільлю абвінавачвалі паводле арт. 130 КК («распальваньне варожасьці»), але ў працэсе сьледзтва абвінавачаньне замянілі на артыкул 369-1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Увосень 2020 году Ільля Міронаў некалькі разоў сядзеў на «сутках» за акцыі пратэсту. У ліпені 2021-га яго затрымалі праз падазрэньне ў «акце тэрарызму». Ільля прабыў у ізалятары восем дзён, затым яго выпусьцілі. Пасьля ізалятара валянтэр пакутаваў ад боляў у сьпіне, бо восем начэй спаў на жалезным ложку без матраца і бялізны.
У канцы жніўня Ільля зноў трапіў у ІЧУ — гэтым разам за «пікет». Так судзьдзя трактаваў надпіс «Пишите письма» на футболцы валянтэра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельскі актывіст Міронаў пасьля выхаду з-за кратаў напісаў скаргу на начальніка ІЧУМіронава таксама затрымалі ў сярэдзіне лістапада на 5 дзён за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — нібыта за падпіску на «экстрэмісцкі» канал. У ізалятары, як сам ён пісаў, «да нас ставіліся горш, чым да крымінальнікаў».