Дзяржсакратар ЗША адмяніў свой візыт у Пэкін пасьля інцыдэнту з кітайскім аэрастатам у амэрыканскім небе

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен

Пэнтагон паведаміў, што аэрастат можа быць вайсковым і выкарыстоўвацца ў мэтах шпіянажу.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен адклаў на нявызначаны тэрмін свой візыт у Кітай, які павінен быў адбыцца на наступным тыдні. Прычынай стала зьяўленьне ў паветранай прасторы ЗША кітайскага аэрастата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнтагон: над ЗША праляцеў кітайскі аэрастат-шпіён

МЗС Кітаю заявіла, што гэта мэтэаралягічны зонд, і выбачылася за тое, што ён выпадкова заляцеў на амэрыканскую тэрыторыю. Тым ня менш амэрыканскі бок расцаніў інцыдэнт як уварваньне ў паветраную прастору і парушэньне міжнароднага заканадаўства.

Візыт дзяржсакратара Блінкена ў Пэкін быў узгоднены кіраўнікамі ЗША і Кітаю ў лістападзе мінулага году. Гэта быў бы першы візыт такога ўзроўню з 2017 году. Блінкен меўся абмеркаваць з кітайскім кіраўніцтвам шырокі спэктар пытаньняў, у тым ліку эканамічнае супрацоўніцтва, палітыку ў дачыненьні да пандэміі COVID-19, міжнародныя закупкі мікрачыпаў, і асабліва рост нестабільнасьці ў адносінах Кітаю і Тайваню, што вельмі турбуе ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імавернасьць канфлікту з Кітаем вельмі высокая, лічыць старшыня Камітэту ў замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША

Цяпер, паводле паведамленьняў СМІ са спасылкамі на Дзярждэпартамэнт, Блінкен наведае Кітай, «як толькі для гэтага будуць прыдатныя ўмовы».

Інцыдэнт з аэрастатам


Кітайскі аэрастат заўважылі над штатам Мантана некалькі дзён таму, ён застаецца ў паветры дагэтуль. Высокапастаўленыя афіцыйныя асобы ЗША параілі прэзыдэнту Джо Байдэну не зьбіваць яго, баючыся, што падзеньне абломкаў можа ўяўляць пагрозу. На базе вайскова-паветраных сілаў ЗША Мальмстром у Мантане знаходзіцца 150 шахтаў міжкантынэнтальных балістычных ракет.

Навіна пра аэрастат зьявілася на фоне выступленьня дырэктара ЦРУ Уільяма Бёрнза ў Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне. Бёрнз назваў Кітай самай вялікай геапалітычнай праблемай, зь якой цяпер сутыкаюцца ЗША.
Адносіны паміж Вашынгтонам і Пэкінам апошнім часам напружаныя з прычыны сытуацыі вакол Тайваню, парушэньняў правоў чалавека ў КНР і вайсковай актыўнасьці Пэкіна ў Паўднёва-Кітайскім моры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ЦРУ: Сі Цзіньпін загадаў кітайскім вайскоўцам падрыхтавацца да ўварваньня на Тайвань да 2027 году